Пра гаворыцца ў сумеснай заяве беларускай праваабарончай супольнасьці, апублікаванай 11 ліпеня.
Асуджаючы праект закону «Аб зьмене кодэксаў па пытаньнях адміністрацыйнай адказнасьці», які ўводзіць артыкул 19.16 «Прапаганда гомасэксуальных адносін, зьмены полу, бязьдзетнасьці, пэдафіліі», праваабаронцы разглядаюць дзеяньні ўладаў як «адкрыты напад на правы чалавека і асабістыя свабоды, уключаючы свабоду выказваньня меркаваньняў.
На думку аўтараў заявы, забарона на «фарміраваньне ўяўленьняў аб прывабнасьці» пэўных аспэктаў асабістага жыцьця (сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці, рэпрадуктыўнага выбару) «ўскосна канстатуе іх няправільнасьць, і фактычна незаконнасьць».
«Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што пад катэгорыю „прапаганды“ пры адвольнай трактоўцы могуць трапляць публічныя праявы сваёй ідэнтычнасьці ЛГБТК+ людзьмі ці нават іх публічнае існаваньне, любыя выказваньні ў падтрымку роўнасьці, асьветніцкія матэрыялы, мастацкія творы, прысьвечаныя праблемам дыскрымінацыі і прасоўваньню роўнасьці. Гэта стварае глебу для масавай цэнзуры, перасьледу незалежных СМІ, актывістаў і цэлых супольнасьцяў, у тым ліку іх асобных прадстаўнікоў і прадстаўніц», — падкрэсьліваюць праваабаронцы.
Згадваньне пэдафіліі ў адным шэрагу з гомасэксуальнасьцю, трансгендэрнасьцю і бязьдзетнасьцю аўтары называюць «яўнай спробай дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве».
Яны лічаць, што палітыка дзяржавы носіць «пасьлядоўны і мэтанакіраваны» характар па дыскрымінацыі на падставе сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці і рэпрадуктыўнага выбару.
Праваабаронцы нагадваюць, што ў 2024 годзе былі ўнесеныя зьмены ў інструкцыю Міністэрства культуры, якія адвольна пашырылі вызначэньне тэрміну «парнаграфія», а таксама папраўкі ў закон аб правах дзіцяці (прыняты ў другім чытаньні ў чэрвені 2025), якія пашырылі пералік інфармацыі, шкоднай для здароўя і разьвіцьця дзіцяці.
Прапанаваны ўладай законапраект, на думку аўтараў заявы, «умацоўвае гэтыя неправавыя палажэньні галіновага заканадаўства інструмэнтам прыцягненьня да адказнасьці і, такім чынам, умацоўвае рэпрэсіўны мэханізм у гэтай сфэры»: «Мы зьвяртаем увагу Палаты прадстаўнікоў, а таксама міжнароднай супольнасьці на недапушчальнасьць прыняцьця такіх законаў. Яны не абараняюць грамадзкую мараль, а, наадварот, стымулююць у грамадзтве нянавісьць, варожасьць і рэпрэсіі ў адносінах да меншасьцяў».
Праваабаронцы запатрабавалі ад ураду адклікаць праект артыкулу 19.16 у частцы, якая тычыцца гомасэксуальнасьці, зьмены полу і бязьдзетнасьці, а ад парлямэнту — «спыніць практыку прыняцьця заканадаўства, якое абмяжоўвае свабоду слова і падзяляе грамадзян па прыкметах прыналежнасьці да розных груп».
- Дакумэнт падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі Камітэт, Беларускі ПЭН, Lawtrend, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
- Аб унясеньні ў Палату прадстаўнікоў згаданага законапраекту паведамлялася 10 ліпеня.
- Згодна з яго палажэньнямі, дзеяньні, прызнаныя парушэньнямі, пацягнуць накладаньне штрафу на фізычную асобу ў памеры да 20 базавых велічынь (на сёньня 840 рублёў), на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 б. в. (4.200), на юрыдычную асобу — ад 100 да 150 б. в. (4.200-6.300).
- Пры гэтым «дзеяньне, прадугледжанае часткай першага гэтага артыкулу, якое пацягнула азнаямленьне непаўналетняга з такой інфармацыяй», пацягне накладаньне штрафу ў памеры ад 20 да 30 базавых велічынь (840-1.260 рублёў) або грамадзкія працы, або адміністрацыйны арышт; для індывідуальнага прадпрымальніка — ад 100 да 150 б. в., на юрыдычную асобу — ад 150 да 200 б. в. (6.300-8.400).
- Аб’яднаньне BelPol 19 лютага летась паведамляла, што Кодэкс аб адміністрацыйных парушэньнях плянуецца дапоўніць артыкуламі 19.14 (прапаганда гомасэксуальных адносін або зьмены полу) і 19.16 (прапаганда бязьдзетнасьці).
- Генэральны пракурор Андрэй Швед 9 лютага 2024-га на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі паведаміў, што «па ініцыятыве органаў пракуратуры» падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду «нетрадыцыйных сямейных адносін».
- У лістападзе летась Швед паведамляў, што ў Беларусі плянуецца ўвядзеньне псыхалягічнага тэставаньня пэдагогаў на прадмет выяўленьня схільнасьці да ўчыненьня палавых злачынстваў у адносінах да дзяцей.
Форум