На лідэра гурту «Палац», музыку і радыёвядоўцу Алега Хаменку завялі крымінальную справу за супрацу зь незалежным беларускім мэдыя, якое знаходзіцца ў сьпісе гэтак званых «экстрэмісцкіх фармаваньняў». Пра гэта стала вядома ад праваабаронцаў 9 ліпеня. Канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэксу, які яму ставяць у віну, на сёньня невядомы.
Праваабаронцы лічаць, што затрыманьне і крымінальны перасьлед Алега Хаменкі — гэта працяг мэтанакіраванай уладнай палітыкі абмежаваньня непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і наступу на свабоду слова. Расказваем пра Алега Хаменку падрабязьней.
Выбух на «Басовішчы»
Фольк-рок гурт «Палац» літаральна «выбухнуў» у 1992 годзе на супэрпапулярным у тыя часы беларускім рок-фэстывалі «Басовішча», што праводзілі на Падляшшы. «Палац» тады быў зусім маладым калектывам, які стварылі выпускнікі і студэнты так званага «Кулька» — так называлі Інстытут культуры, цяперашні Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў.
У модзе тады быў рок, heavy metal. А тут на салідны фэст прыяжджае зусім «зялёны» гурт «Палац», які паўстаў пару месяцаў таму, і грае зусім нязвыклую музыку — «этна-фольк-рок мадэрн», як акрэсьлівалі свой жанр самі музыкі.
Гурт выбіваўся з агульнага фону «гэві-мэталу», моцна вылучаўся паміж астатніх удзельнікаў фэстывалю менавіта мэлядычнасьцю і спалучэньнем розных стыляў, узгадвае Алена, журналістка папулярнай у той час радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», што ў жывым эфіры праводзіла ў канцы 1980-х першыя гіт-парады беларускіх рок-камандаў.
«„Палац“ гучаў афігенна, фантастычна, прыгожа! Такое нечаканае спалучэньне фальклёру з сучаснай музыкай! Выбітны гукарэжысэр Беларускага радыё Ўладзя Сакульскі (які ў 1990-м запісаў дзьве першыя вінілавыя кружэлкі „Хіт-парад „Беларускай маладзёжнай“ і ў якога быў проста фантастычны нюх на таленты), а таксама будучы дырэктар „Эўрарадыё“ Зьміцер Новікаў, прадусар Юры Цыбін у адзін голас прамовілі: „Хлопцы, „Палац“ і Хаменка — гэта бомба!»» — успамінае суразмоўца.
Журы фэсту «Басовішча» спачатку было ў ступары, бо публіка горача і доўга пляскала не «мэталічным» гуртам, а не адпускала са сцэны ні на што не падобны фольк-рок-гурт «Палац», — узгадвае Алена.
«Я адразу ўзгадала самы першы беларускі рок-фэст, які праходзіў у канцы 1980-х у Наваполацку — там пераможцу вызначалі шумамерам: каму гучней і даўжэй пляскалі ў ладкі гледачы, той і перамагае. Вось бы і тут выкарысталі той шумамер!
Аднак і безь яго журы цалкам справядліва вызначыла пераможцам менавіта „Палац“. Алег Хаменка, Юры Выдронак, дый увесь першы склад адразу сталі знакамітымі. Крыху пазьней да іх далучыўся Зьміцер Вайцюшкевіч — проста бамбічна зорны калектыў быў», — узгадвае першы посьпех Алега Хаменкі Алена.
Другі Георгіевіч
За аснову рэпэртуару «Палац» узяў беларускія народныя песьні, якія аранжавалі ў адпаведнасьці з сучаснымі тэндэнцыямі, актыўна выкарыстоўваючы сэмплерныя тэхналёгіі — такі наварочаны «этна-фольк-рок мадэрн».
Узгадвае музыка Аляксандар Памідораў, які вучыўся ў Інстытуце культуры ў адзін час з Алегам Хаменкам.
«Алег наш другі „Георгіевіч“ — пасьля Ўладзімера Мулявіна. Мы зь вялікай павагай так яго і называлі. „Палац“ якраз у той час пачаў намацоўваць свае фальклёрна-мадэрновыя рэчы. І Алег Хаменка, і Юры Выдронак яшчэ студэнтамі езьдзілі ў экспэдыцыі, зьбіралі народныя песьні, самі іх апрацоўвалі — то бок усё рабілася на ўласнаручна сабраным матэрыяле. Таму ў іх ёсьць унікальныя рэчы, якія, між іншым, запазычылі некаторыя калегі. А дакладней, проста скралі.
Першыя выступы „Палацу“, якія я бачыў у 1992–93 гадах, — гэта было штосьці неймавернае, гучала фантастычна! А памяшканьне, дзе месьціўся „Палац“, было зонай прыцягненьня творчых асобаў. Там і студыя гуказапісу была, і віселі шыкоўныя строі музыкаў, і сьвяты мы адзначалі», — апавядае Аляксандар Памідораў.
Ад трыюмфу да «чорных сьпісаў»
Далей у Алега Хаменкі і «Палаца» была процьма разнастайных фэстываляў, шматлікія узнагароды — прэстыжная прэмія Radio France International у 1993 годзе, EBU Contemporary Folk Music Festival (Нямеччына, 1994), перамога ў «Рок‑каранацыях» 1996 і 2001-га, кліп году «На турэцкіх палях» у тым жа 2001-м, здымкі ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая» і ў сэрыяле «Вышэй за неба».
Алег Хаменка быў арганізатарам і вядоўцам фэстываляў «Камяніца» і Bela Music, вёў музычныя праграмы «Тузін гітоў», «Фольк-брама», «Брама існасьці» на FM-радыёстанцыях.
У 2008–2010 гадах з дапамогай дзіцячага фонду UNICEF Алег Хаменка выпусціў для дзяцей сэрыю «Беларускія народныя казкі».
Здавалася б, кар’ера, папулярнасьць музыкі Хаменкі і «Палацу» ішла ўгору. Аднак у 2011 годзе Алег разам з многімі іншымі беларускімі творцамі трапіў у так званыя «чорныя сьпісы» дзеячоў культуры, якіх забаронена было ўзгадваць ў эфіры і на старонках дзяржаўных СМІ.
У меркаваны «чорны сьпіс» тады ўвайшлі гурты «Палац», «Ляпіс Трубяцкі», «Крама», NRM, «Нэйра Дзюбель», «Крамбамбуля», «Нака». А таксама музыка Зьміцер Вайцюшкевіч, «Свабодны тэатар», шмат пісьменьнікаў, мастакоў, рэжысэраў.
Перамога над КДБ
У 2012 годзе «Палац» рыхтаваўся адзначыць свой 20-гадовы юбілей вялікім канцэртам ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (РТБД). У апошні момант, калі былі раскупленыя амаль усе квіткі, канцэрт забаранілі.
Вядомы актор-купалавец Ігар Сігоў у 2012 годзе быў дырэктарам РТБД. Менавіта на яго пачаў ціснуць КДБ — каб канцэрт не адбыўся. Аднак дырэктар тэатру праявіў тады настойлівасьць і сьмеласьць, зьвязаўшыся зь міністрам культуры Паўлам Латушкам. І яны разам дамагліся дазволу на правядзеньне канцэрту.
«Алег Хаменка — сумленны, таленавіты і добры чалавек. Цудоўны пясьняр. Аднак рэжыму не патрэбныя сапраўдная культура, мастацтва і тым больш таленавітыя людзі. Вось такая цяпер Беларусь — „краіна для жыцьця“», — кажа Ігар Сігоў.
А вось як тую сытуацыю пракамэнтаваў тагачасны міністар культуры Беларусі Павал Латушка:
«Тады менавіта КДБ забараніў канцэрт гурту „Палац“ і Алега Хаменкі ў РТБД. Мне патэлефанаваў Ігар Сігоў, які быў дырэктарам тэатру. Я памятаю, у мяне адбылася размова спачатку з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандрам Радзьковым, а потым і з старшынём КДБ Вадзімам Зайцавым.
Прэзыдэнцкая адміністрацыя адразу сказала, што ня будзе браць адказнасьць за канцэрт. Старшыня КДБ Зайцаў доўга працівіўся, але нарэшце сказаў, што менавіта я павінен узяць адказнасьць на сябе. Я тую адказнасьць тады прыняў, і зь Ігарам Сіговым мы правялі юбілейны канцэрт „Палацу“.
Гэта быў першы знак ліквідацыі „чорнага сьпісу“ беларускіх музыкаў, які стварыла Ірына Дрыга, супрацоўніца адміністрацыі Лукашэнкі», — кажа Павал Латушка.
Музыка Аляксандар Памідораў зь цеплынёй узгадвае, як некалі ў яго і ў Алега Хаменкі былі аднолькавыя плашчы-макінтошы ад Беларускага цэнтру моды, аднаго колеру і амаль аднаго памеру, і іх ледзьве ня блыталі.
«З анэкдатычных выпадкаў — неяк на „Басовішчы“ (здаецца, у годзе 1998-м) у Алега ледзь ня скралі гітару. Ці то кіроўца аўтобусу, ці то музыкі заўважылі, што мясцовыя цягнуць даражэзную гітару Ovation Хаменкі кудысьці ў лес. Спынілі тых хлопцаў з гітарай.
Алег неймаверна цікава можа апавядаць гісторыі, і ты ня ведаеш, ці гэта было насамрэч, ці выдумка. Ён вельмі клясна начытвае казкі — гэта проста супэр!
У якасьці вядоўцы Алег першы раз выйшаў на сцэну разам са мной — бо я ўжо меў досьвед, а ён не. Але справа пайшла, і ён доўгі час вёў фольк-фэстывалі „Камяніца“, Bela Music на аэрадроме „Баравая“. Алег супэрпрафэсіянал — віртуозная праца на сцэне, фацэтныя жарты — зараз такое ня часта сустрэнеш», — прызнаецца Аляксандар Памідораў.
Павал Латушка перакананы, што сёньня ў Беларусь зноў вярнуліся «чорныя сьпісы» — але туды трапіла ўжо ўся краіна, уся беларуская культура:
«І гэта выклік для нас усіх — каб змагацца супраць гэтай чорнай навалы, трэба вызваліць Алега Хаменку і ўсіх, хто пакутуе за кратамі і знаходзіцца ў турмах. І ўжо не як былы міністар культуры, а як чалавек кажу, што Алег Хаменка для мяне зьяўляецца прыкладам самаахвярнага служэньня нацыянальнай беларускай культуры. Усе палітвязьні, а тым больш творцы павінны быць вольнымі. І Беларусь будзе вольная. Мы будзем змагацца за яго свабоду».
Форум