Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве адукацыі расказалі, чаму ў Беларусі забаранілі дыстанцыйнае навучаньне школьнікаў


У менскай школе, архіўнае фота
У менскай школе, архіўнае фота

У Беларусі онлайн (дыстанцыйнае) навучаньне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі не прадугледжана, дзеці павінны вучыцца ў школах на тэрыторыі краіны, кажуць чыноўнікі Міністэрства адукацыі з спасылкай на новы Кодэкс аб адукацыі.

«Ад 1 верасьня зьменамі ў Кодэксе аб адукацыі будзе ўрэгулявана, што дзеці, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны вучыцца ва ўстановах адукацыі нашай краіны», — заявіла ў інтэрвію БЕЛТА кансультантка ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла Кудаярава.

Яна заявіла, што ў Беларусі няма такіх паняцьцяў, як «дыстанцыйнае навучаньне» і «онлайн-навучаньне».

Зь яе словаў, калі дзіця выяжджае з бацькамі за мяжу, яно павінна вучыцца ў мясцовай школе, а пасьля вяртаньня будзе залічана ў беларускую школу. Такім чынам, бацькам «нічога не застанецца», як аддаць дзіця ў беларускую школу. Магчымасьць, якая дазваляла бацькам вучыць дзіця дыстанцыйна, а потым запісаць яго ў беларускую школу толькі для атрыманьня атэстату аб адукацыі, закрываецца.

Калі дзіця, напрыклад, зьехала ў Расею, то яно павінна вучыцца ў тамтэйшай школе, а па вяртаньні, калі яно мае грамадзянства Беларусі, — можа быць залічана ў беларускую школу і працягнуць навучаньне, расказала чыноўніца.

«Мы вывучаем адпаведнасьць навучальных праграмаў», — сказала Анжэла Кудаярава, дадаўшы, што ў замежных школах дыстанцыйна дзіця не вывучае ні беларускую мову, ні беларускую літаратуру, ні гісторыю Беларусі.

Паводле яе, дзіця, якое вучылася за межамі краіны, можа вярнуцца і здаваць экзамэны за 9–11-я клясы.

«Яно адлічваецца з нашай установы адукацыі, з пэўнай прычыны, напрыклад, бацькі паехалі працаваць, атрымлівае дакумэнты. Вяртаецца назад, залічваецца ва ўстанову адукацыі і як грамадзянін Рэспублікі Беларусь здае экзамэны», — паведаміла Анжэла Кудаярава.

Галоўная спэцыялістка ўпраўленьня адукацыі Менскага аблвыканкаму Натальля Дудкіна сказала, што ўзьнікала шмат спрэчных пытаньняў у гэтым пытаньні, асабліва калі ідзецца аб законных прадстаўніках.

«Ёсьць такія законныя прадстаўнікі, якія кажуць: маё дзіця вучыцца дома дыстанцыйна, яно ў школу ня ходзіць. А потым мы прыходзім да здачы экзамэнаў за 9-ю ці 11-ю клясу, а ў дзіцяці ня можам нават паглядзець праграму, якую яно вывучала. Гэта значыць, тая школа ня можа падаць у поўным аб’ёме дакумэнты ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Зараз гэтыя пытаньні зьнятыя. Законнаму прадстаўніку нічога не застаецца, ня трэба нічога прыдумляць і дадумваць», — прывяла прыклад яна.

Гэтыя пытаньні датычацца бацькоў, дзеці якіх жывуць у Беларусі, але школу не наведваюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG