Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вонкавай выведцы Ўкраіны ацанілі стан эканомікі Беларусі


Крама ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Крама ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

У вонкавай выведцы Ўкраіны перакананыя, што беларуская эканоміка «дэградуе».

«Лукашэнка ня можа ўтрымаць эканоміку Беларусі, якая паступова дэградуе. У спробе стрымаць інфляцыю беларуская ўлада зноў зьвяртаецца да адміністратыўнага рэгуляваньня цэнаў, адначасова паскараючы эмісію наяўных грошай — адзін з ключавых інфляцыйных фактараў», — адзначаецца ў паведамленьні ведамства.

Свае высновы выведнікі абгрунтоўваюць інфармацыяй аб тым, што ў Беларусі за паўгоду аб’ём гатоўкі павялічыўся на 11%. Паводле іх, на 1 студзеня ў эканоміцы цыркулявала 11,8 мільярда беларускіх рублёў, а на 1 чэрвеня — ужо прыблізна 13,2 мільярда беларускіх рублёў.

Паводле ацэнак украінскай выведкі, рост аб’ёму наяўных грошай паскараецца штомесяц.

«Тэмпы павелічэньня гатоўкі перавышаюць тэмпы росту эканомікі амаль у чатыры разы», — падлічылі ўкраінскія выведнікі.

«Нягледзячы на рытарычныя заявы пра абмежаваньне спажывецкага крэдытаваньня, запазычанасьць насельніцтва перад банкамі дасягнула рэкорднага ўзроўню — прыблізна 28,4 мільярда беларускіх рублёў на 1 ліпеня, што амаль на 6% больш, чым у пачатку году», — адзначылі ў выведцы Ўкраіны.

Што кажа афіцыйная статыстыка Беларусі

Спажывецкія цэны ў траўні 2025 году вырасьлі на 0,9%, а з пачатку году — на 5,4%. Гэта больш за леташні паказьнік і прагноз уладаў на 2025 год. Летась інфляцыя за год складала 5,16%.

Больш за ўсе ў траўні падаражэлі харчовыя тавары — на 1,7%, нехарчовыя — на 0,04%, паслугі — на 0,5%.

У параўнаньні зь сьнежнем 2024 году харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 7,2%, нехарчовыя — на 2,4%, паслугі — на 5,9%.

У гадавым вымярэньні (чэрвень 2024 да чэрвеня 2025 году) цэны вырасьлі на 7,3%. Харчы сталі даражэйшымі на 10,5%, нехарчовыя тавары — на 3,2%, паслугі — на 7,1%.

Адпаведна з падпісанымі Лукашэнкам прагнознымі парамэтрамі эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2025 год «мэтавая задача абмежаваньня інфляцыі прадугледжваецца на ўзроўні, не вышэйшым за 5%».

Беларусь з паказьнікам 5,16% заняла сёмае месца ў росьце спажывецкіх цэнаў за 2024 год на тэрыторыі былога СССР.

У чэрвені старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Раман Галоўчанка заявіў аб устойлівасьці беларускага рубля і «іржавы друкавальны станок». Паводле яго, прырост шырокай грашовай масы ў траўні 2025 году склаў 16,2% за год, і гэта «памяркоўны паказьнік».

«Што да трапнай заўвагі прэзыдэнта пра „іржавы друкавальны станок“ — гэта сапраўды адлюстроўвае наш падыход. Мы не зьвяртаемся да бяздумнай эмісіі грошай для закрыцьця бягучых патрэбаў і строга кантралюем аб’ём грашовай масы ў эканоміцы, каб ён адпавядаў рэальным патрабаваньням і не правакаваў рост цэнаў», — адзначыў ён.

  • Жорсткае рэгуляваньне цэнаў у Беларусі ўвялі ў кастрычніку 2022 году. Яно датычыцца ўсяго спажывецкага кошыку. Пазьней з тэматычнай пастановы ўраду выключылі некаторыя групы тавараў і падкарэктавалі правілы рэгуляваньня цэнаў. З восені 2024 году Савет Міністраў рыхтуе зьмякчэньне правілаў.
  • 10 лютага кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Карповіч паведаміў, што ў 2024 годзе вытворцы больш за тысячу разоў прасілі аб павышэньні цэнаў — у выніку выдалі 572 дазволы на гэта.
  • На тэматычнай нарадзе 28 лютага Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сыстэмай рэгуляваньня цэнаў. Паводле яго, у Беларусі цэны «найніжэйшыя ў сьвеце».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG