Закарпацкае абласное ўпраўленьне Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны на падставе дакумэнту Службы бясьпекі аб пагрозе для нацыянальнай бясьпекі з боку грамадзяніна Беларусі, ураджэнца Гомля, анулявала яму дазвол на іміграцыю і адпаведна на сталае пражываньне ва Ўкраіне.
Як вынікае з судовага рашэньня, якое мае ў сваім распараджэньні Свабода, перад гэтым беларуса аштрафавалі паводле ч.1 артыкулу 161 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны паводле факту распальваньня нацыянальнай варожасьці.
Ужо ў распал поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны грамадзянін Беларусі, паводле рашэньня суду, «на сыстэмнай аснове» публікаваў у сацыяльнай сетцы Facebook фота, допісы і камэнтары абразьлівага характару на адрас вайскова-палітычнага кіраўніцтва Ўкраіны, у тым ліку прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны, а таксама супраць прадстаўнікоў габрэйскай нацыянальнасьці.
Ураджэнцу Гомля пагражала да трох гадоў пазбаўленьня волі, але ён пайшоў на зьдзелку з сьледзтвам, прызнаў сваю віну і выплаціў штраф.
Гэта адбылося ў чэрвені 2023 году, а ў сакавіку 2025 году СБУ накіравала ў міграцыйную службу дакумэнт, у якім утрымліваліся, як адзначаецца ў судовым рашэньні, «канкрэтныя факты і апісаньне абставін дзеяньняў грамадзяніна Беларусі, якія могуць паўплываць нэгатыўна на стан забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны».
На падставе гэтага дакумэнту міграцыйная служба анулявала ўсе дазвольныя дакумэнты, якія прадугледжвалі магчымасьць стала пражываць ва Ўкраіне, а таксама ўхваліла рашэньне аб прымусовым вяртаньні яго да краіны паходжаньня або ў іншую, трэцюю, краіну.
Беларус спрабаваў абскардзіць гэтае рашэньне, але апэляцыйны суд адмовіўся задаволіць ягоную заяву. Цяпер ён яшчэ можа зьвярнуцца з касацыяй у Восьмы апэляцыйны адміністрацыйны суд.
Беларус жыў у Берагава Закарпацкай вобласьці з 2013 году. Там ён набыў зямельны ўчастак і ажаніўся з грамадзянкай Украіны. Менавіта на гэтай падставе ён у 2017 годзе атрымаў дазвол на іміграцыю і сталае пражываньне ва Ўкраіне.
У сваёй заяве ў суд беларус асобна паведаміў, што ў часе пражываньня ў Беларусі ўдзельнічаў у апазыцыйных мітынгах, і «літаральна ўцёк з краіны, бо яму пагражала турэмнае зьняволеньне на доўгія гады». У той жа час ніякіх канкрэтных фактаў у судовым рашэньні не згадваецца.
Да завяршэньня судовага працэсу грамадзянін Беларусі застаецца на тэрыторыі Ўкраіны.
Форум