Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у размове з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім спытаў у яго, чаму Кіеў не нанясе ўдару па Маскве. Пра гэта са спасылкай на неназваную крыніцу паведамляе газэта The Washington Post. У размове Трамп сказаў, што Украіна павінна ціснуць на Пуціна ўдарамі ня толькі па Маскве, але і па Санкт-Пецярбургу, сьцьвярджае выданьне.
Як гаворыцца ў публікацыі, Зяленскі адказаў, што для ўдару па Маскве ЗША павінны даць Украіне адпаведную зброю. Трамп, адзначаецца ў матэрыяле, разглядаў магчымасьць адправіць ва Ўкраіну крылатыя ракет «Тамагаўк». Акрамя таго, ён мог дазволіць наносіць удары амэрыканскімі ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расеі — іх радыюс дзеяньня каля 300 кілямэтраў.
Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт пазьней заявіла, што словы Трампа «вырывалі з кантэксту».
«Прэзыдэнт Трамп толькі задаваў пытаньні, а не заклікаў да далейшых забойстваў. Ён нястомна працуе, каб спыніць забойствы і пакласьці канец гэтай вайне», — напісала яна ў камэнтары для выданьня The New York Post.
Ракеты «Тамагаўк» здольныя дасягнуць Масквы і Пецярбурга з тэрыторыі Ўкраіны. Сьцьвярджаецца, што тэма абмяркоўвалася яшчэ на мінулым тыдні. Раней пра гатоўнасьць Вашынгтона паставіць ракеты далёкага радыюсу дзеяньня пісала са спасылкай на свае крыніцы выданьне Axios.
Пастаўка «Тамагаўкаў» Кіеву пакуль не анансавалася. Паводле зьвестак Washington Post, гэтае рашэньне было адкладзенае і Трамп можа вярнуцца да яго пазьней. Белы дом гэтай інфармацыі не камэнтаваў.
Украіна неаднаразова наносіла ўдары па Маскве і Ленінградзкай вобласьці далёкімі бесьпілётнікамі. Аднак крылатыя ракеты нясуць большы аб’ём выбухоўкі, трапляюць у цэль дакладней за дроны і іх складаней перахапіць. Масква неаднаразова заяўляла, што пастаўкі дальнабойнай зброі прывядзе да новай эскаляцыі канфлікту. Аднак Расея выкарыстоўвае аналягічныя «Тамагаўкам» крылатыя ракеты для ўдараў па Ўкраіне зь першага дня ўварваньня 2022 году.
У панядзелак Дональд Трамп упершыню з пачатку другога прэзыдэнцкага тэрміна анансаваў пастаўкі новых партый узбраеньняў Украіне, не ўхваленых адміністрацыяй яго папярэдніка Джо Байдэна. Прэзыдэнт ЗША запатрабаваў ад Масквы заключыць перамірʼе з Украінай да канца лета пад пагрозай санкцый супраць пакупнікоў расейскіх энэргарэсурсаў (асноўны экспарт Расея цяпер вядзе ў Кітай, Індыю і Славаччыну).
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, камэнтуючы публікацыю Washington Post, заявіў, што цяпер публікуецца шмат непраўдзівай інфармацыі. Гаворачы пра публічныя заявы Трампа адносна 50 дзён на заключэньне мірнага пагадненьня і паставак зброі Ўкраіне, Пяскоў назваў іх «вельмі сурʼёзнымі». Прадстаўнік Крамля дадаў, што некаторыя словы амэрыканскага прэзыдэнта былі адрасаваны асабіста Ўладзіміру Пуціну — Трамп казаў, што «незадаволены ім». «Калі прэзыдэнт Пуцін палічыць неабходным, ён гэта абавязкова пракамэнтуе», — сказаў Пяскоў, адзначыўшы, што патрэбны час для аналізу.
Форум