У лісьце, які партнэры Аляксандра Дубінскага апублікавалі на ягонай старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, улады Ўкраіны абвінавачваюцца ў палітычных рэпрэсіях і прапануюць Лукашэнку і Келагу стаць пасярэднікамі ў вызваленьні «больш за 7000» палітычных зьняволеных ва Ўкраіне.
«Мы гатовыя да вызваленьня ў нэўтральную краіну. Адным з такіх магчымых рашэньняў можа стаць тэрыторыя Беларусі — як часовы прытулак пад міжнароднымі гарантыямі», — адзначаецца ў лісьце.
Раней аналягічныя звароты юрысты і паплечнікі Аляксандра Дубінскага накіравалі ў шэраг іншых міжнародных і эўрапейскіх арганізацый, у якіх просяць дапамогі аб вызваленьні і скасаваньні пэрсанальных санкцый, уведзеных уладамі Ўкраіны.
Аляксандар Дубінскі з сярэдзіны лістапада 2023 году знаходзіцца ў сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе. У 2021 годзе яго выключылі з праўладнай парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу» — па большасьці пытаньняў ён галасаваў супраць пазыцыі фракцыі.
У 2021 годзе супраць яго разам з 6 іншымі грамадзянамі Ўкраіны ЗША ўвялі санкцыі. У Міністэрстве фінансаў ЗША аргумэнтавалі такія абмежаваньні сувязямі з яшчэ адным колішнім украінскім дэпутатам Андрэем Дзеркачом, якога ў Амэрыцы лічаць «расейскім агентам» і абвінавачваюць у спробе паўплываць на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2020 годзе. Дубінскі гэтыя абвінавачаньні адхіляе.
Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, як мінімум з 2019 году Дубінскі пад пазыўным «Бураціна» працаваў у агентурнай сетцы расейскай выведкі, якая ажыцьцяўляла «інфармацыйна-падрыўную дзейнасьць на карысьць Расеі». Дубінскі назваў гэты перасьлед палітычным, паколькі ён крытыкаваў Уладзіміра Зяленскага і ягоную адміністрацыю.
Аляксандар Дубінскі працаваў на тэлеканале «1+1», якім валодаў украінскі алігарх Ігар Каламойскі. Ён цяпер таксама знаходзіцца ў сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў махлярстве і адмываньні грошай.
Форум