Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі вырашылі штрафаваць за «незаконнае прадстаўленьне» краіны на міжнародных мерапрыемствах


Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота
Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі паведамілі, што ўрад падрыхтаваў і ўнёс на разгляд праект закону аб зьмене кодэксаў у пытаньнях адміністрацыйнай адказнасьці.

«Законапраект падрыхтавалі ў мэтай удасканаленьня палажэньняў кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчага кодэксу», — адзначылі ў Палаце прадстаўнікоў.

У той жа час у афіцыйным паведамленьні не ўдакладняюць, якія нормы прапануюць зьмяніць.

Як вынікае з тэксту праекту закону, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, дакумэнт прадугледжвае ўвядзеньне некалькіх новых нормаў.

Сярод іх — незаконнае прадстаўленьне Рэспублікі Беларусь на міжнародных прадпрыемствах, знаходжаньне на рэжымных аб’ектах і за прапаганду гомасэксуалізму.

«Парушэньне патрабаваньняў заканадаўчых актаў да арганізацыі або правядзеньня культурных, спартовых, спартова-масавых, адукацыйных мерапрыемстваў, мэтай якіх зьяўляецца адбор асобаў для падрыхтоўкі да ўдзелу або для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах ад імя Рэспублікі Беларусь, або да парадку накіраваньня прадстаўніка Беларусі для ўдзелу ў міжнародным мерапрыемстве цягне накладаньне штрафу ў памеры ад дзесяці да двухсот базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу — ад дваццаці да тысячы базавых велічыняў», — адзначаецца ў падрыхтаваным законапраекце.

Апроч таго, прапануюць увесьці штрафы ў памеры да васьмі базавых велічыняў за незаконнае знаходжаньне на тэрыторыі зоны бясьпекі з асаблівым прававым рэжымам.

Урад прапанаваў увесьці штрафы за парушэньні патрабаваньняў кібэрбясьпекі крытычна важных аб’ектаў інфарматызацыі, а таксама за «прапаганду гомасэксуальных дачыненьняў, зьмены полу, бязьдзетнасьці і пэдафіліі».

У прыватнасьці, за распаўсюд у любой форме інфармацыі аб прываблівасьці гомасэксуальных дачыненьняў хочуць караць штрафам у памеры да 20 базавых велічынь для фізычных асобаў, да 100 базавых велічынь — індывідуальнага прадпрымальніка, і ад 100 да 150 базавых велічынь — юрыдычную асобу.

У выпадку азнаямленьня няпоўнагадовых з такой інфармацыяй прадугледжаны штраф ад 20 да 30 базавых велічыняў або грамадзкія работы ці адміністрацыйны арышт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG