Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне за распаўсюд кніг з Расеі і Беларусі заблякавалі інтэрнэт-краму. Але там беларускіх кніг не было


Кнігі, выдадзеныя ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Кнігі, выдадзеныя ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржтэлерадыё Ўкраіны заявілі, што прысутнасьць на рынку выданьняў з краіны-агрэсаркі — Расеі стварае пагрозы нацыянальнай бясьпецы, «гуманізуе дзяржаву-агрэсарку» і «падрывае волю ўкраінскага народу да супраціву».

У Дзяржаўным камітэце тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Ўкраіны паведамілі аб абмежаваньні доступу да кніжнай інтэрнэт-крамы Leader-Books, празь якую «ажыцьцяўляўся маштабны распаўсюд прадукцыі дзяржавы-агрэсаркі Расеі і Рэспублікі Беларусь, у тым ліку прадукцыі выдавецтваў, зьвязаных з асобамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі».

Згодна з афіцыйным паведамленьнем ведамства, кнігі былі выдадзеныя ўжо пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны і «незаконна дастаўленыя на тэрыторыю Ўкраіны». У камітэце не ўдакладнілі назвы кніг, праз продаж якіх заблякавалі доступ да інтэрнэт-крамы.

Свабода паглядзела, якія кнігі прадавала інтэрнэт-крама. Сярод іх — шмат падарункавых выданьняў і перакладной папулярнай літаратуры: па кулінарыі, пэрсанальным росьце, аб мастацтве і дызайне, аб падарожжах і гэтак далей. Сярод іх некалькі выданьняў, сапраўды выдадзеных у расейскіх выдавецтвах, але большасьць зь іх была надрукаваная ў 2015-2021 гадах.

Выдадзеныя ў Беларусі кнігі адсутнічаюць у прапановах крамы.

Аднак ёсьць пэўная колькасьць кніг, выхадныя зьвесткі якіх неапублікаваныя. У іх не пазначаныя выдавецтва і краіна выданьня.

«Ніякіх беларускіх і расейскіх кніг мы не распаўсюджвалі. Мы працавалі паводле дропшыпінгу — прымалі заказы ад кліентаў, а потым перадавалі іх пастаўшчыкам, якія адпраўлялі тавары наўпрост пакупнікам», — сказаў Свабодзе адзін з мэнэджэраў заблякаванай інтэрнэт-крамы.

Паводле яго, крама ня мае фізычных кніг для распаўсюду і ня мае складоў, дзе яны захоўваюцца.

«Ну, скажыце, як можна кáтам плаціць грошы і ўвозіць іхныя кнігі ва Ўкраіну на продаж? Да вайны ва Ўкраіну ўвозілі тысячы кніг, выдадзеных на расейскай мове, усе яны недзе былі на складах і іх прадавалі», — сказаў суразмоўнік Свабоды.

Паводле яго, яны зьвярталіся да Дзяржтэлерадыё і тлумачылі сытуацыю, але адказу так і не атрымалі. У сваёй дзейнасьці кіраваліся сьпісам, зробленым гэтым ведамствам аб забароненай да продажу літаратуры.

«Калі наша крама працавала, мы шмат данацілі хлопцам з Ўзброеных сіл Украіны. Цяпер крама зачыненая і данатаў ня будзе. Каму цяпер зрабілі лепш?», — сказаў суразмоўнік Свабоды.

Паводле яго, да вайны крама працавала ў Харкаве, але цяпер праз сталыя расейскія абстрэлы яны вымушаныя былі выехаць за межы горада.

Ва Ўкраіне з пачатку расейскага ўварваньня, падтрыманага ўладамі Беларусі, увялі шэраг абмежаваньняў на рэалізацыю кніг і іншай беларускай прадукцыі.

У пачатку кастрычніка 2024 году ва Ўкраіне забаранілі для рэалізацыі 604 кнігі, выдадзеныя беларускімі выдавецтвамі, у тым ліку рэлігійнымі.

У прыватнасьці, для продажу ва Ўкраіне забаранілі 16 кніг рэлігійнага характару, у тым ліку мінімум дзьве, выдадзеныя ў выдавецтве Беларускага Экзархату — «Мученичество в раннем христианстве: очерки исторического восприятия» Віктара Фядосіка, Валянціны Яноўскай і Алега Яноўскага, а таксама «Исповедь. Митрополит Антоний (Храповицкий)».

Сярод забароненых для продажу — кнігі, што выдаваліся пераважна па-расейску ў выдавецтвах «Мінск», «Палікрафт», «Махаон» і «Папуры» у 2008, 2021 і 2022 гадах. Сучасных беларускіх твораў сярод забароненых няма.

Украіна з 2014 году абмяжоўвае пастаўкі кніг расейскіх выдавецтваў, а пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, увяла забарону на распаўсюд выданьняў, зробленых у Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG