«У працяг дамоўленасьцяў „Стамбулу“ перадалі сёньня яшчэ 1000 целаў салдатаў УСУ. Атрымалі 19 целаў загінулых нашых байцоў», — паведаміў расеец Уладзімір Мядзінскі.
Праз гадзіну пасьля гэтага паведамленьня ўкраінскі дзяржаўны праект «Хачу знайсьці» пацьвердзіў, што пры пасярэдніцтве Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжу, Расеі перадалі 19 цел загінулых расейскіх вайскоўцаў.
У той жа час не ўдакладнілі, якую колькасьць цел загінулых украінцаў перадала Расея.
Паводле праекту, перададзеныя Расеі целы эвакуявалі з пакроўскага кірунку Данецкай вобласьці і з Запароскай вобласьці.
«Украінскія пошукавыя групы эвакуююць целы загінулых незалежна ад таго, былі яны ўкраінскімі абаронцамі або вайскоўцамі арміі РФ. Пры гэтым, украінскі бок не назапашвае целы і рэшткі загінулых расейцаў: яны апэратыўна перадаюцца расейскаму боку па меры вызначэньня прыналежнасьці да Ўзброеных сіл РФ», — адзначаецца ў паведамленьні.
Пазьней Каардынацыйны штаб Украіны ў абыходжаньні з палоннымі пацьвердзіў, што Расея перадала 1000 целаў загінулых украінцаў.
Прапорцыя колькасьці целаў вайскоўцаў Украіны і Расеі не адпавядае суадносінам рэальных стратаў бакоў на вайне. Паводле экспэртаў, большыя страты нясе той бок, які наступае, а эвакуаваць з поля бою целы загінулых складаней войску, што адступае.
2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле бакі дамовіліся пра абмены палоннымі і целамі загінулых. Расейскі бок заяўляў, што ў аднабаковым парадку перадасьць шэсьць тысяч целаў украінскіх вайскоўцаў.
Першыя 1212 целаў былі дастаўленыя ў пункт абмену 7 чэрвеня. Расейскі бок тады заявіў, што Ўкраіна, насуперак дамоўленасьцям, ня стала іх прымаць. Украінскі бок адпрэчыў гэта, заявіўшы, што абмен спачатку плянавалі пазьней. Празь некалькі дзён ён сапраўды адбыўся. Расея атрымала 27 целаў сваіх вайскоўцаў.
Пазьней украінскі бок заявіў, што Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых. У Расеі гэтую заяву пакуль не камэнтавалі.
- Колькасьць зьніклых бязь вестак і загінулых на вайне расейскіх вайскоўцаў афіцыйна невядомая. Паводле падлікаў Расейскай службы Бі-бі-сі, «Медиазоны» і каманды валянтэраў на канец траўня, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну загінулі ня менш за 110 608 расейскіх вайскоўцаў.
- Кіраўнік расейскай праваабарончай групы «Грамадзянін. Армія. Права» Сяргей Крывенка раней падкрэсьліваў, што Міністэрства абароны РФ «зусім не было гатовае да такой колькасьці трупаў расейскіх салдатаў у першы год вайны». А жонкі і маці загінулых наймітаў прыватнай кампаніі «Вагнэр» расказвалі, што некаторыя труны ім перадавалі закрытымі, а тыя, хто ўскрываў іх, не маглі правесьці аналіз ДНК, бо цела або ўжо згніло, або настолькі абгарэла, што тэст рабіць адмаўляліся.
- 25 лютага 2024 году, упершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі агучыў колькасьць загінулых украінскіх вайскоўцаў: 31 тысяча. У той жа час Зяленскі сказаў, што ня можа паведаміць, колькі ўкраінскіх вайскоўцаў параненыя і прапалі бязь вестак. Таксама, паводле яго інфармацыі, страты Расеі склалі 180 тысяч вайскоўцаў забітымі і да 500 тысяч разам параненымі і забітымі.
Форум