16 ліпеня група незалежных экспэртаў ААН заклікала неадкладна расьсьледаваць сьмерці ў Беларусі зьняволеных за выказваньне палітычнага іншадумства. Пра гэта гаворыцца ў атрыманым Свабодай дакумэнце.
«За апошнія чатыры гады некалькі чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зьняволенымі, памерлі ў месцах пазбаўленьня волі ці неўзабаве пасьля вызваленьня», — адзначылі экспэрты.
Паводле экспэртаў ААН, вязьні паміраюць у час, калі пастаянна ідуць паведамленьні аб жорсткім абыходжаньні з пазбаўленымі волі за выказваньне нязгоды з уладамі, у тым ліку з удзельнікамі пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
Аўтары заявы мяркуюць, што расьсьледаваньні сьмерцяў у месцах зьняволеньня Беларусі не былі праведзеныя належным чынам, і заклікаюць дадаткова расьсьледаваць факты.
Яны згадваюць прыклады такіх сьмерцяў палітвязьняў у беларускіх турмах. У канцы траўня 2025 году стала вядома, што ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове ва ўзросьце 61 году памёр бізнэсмэн Валянцін Штэрмер. Яго асудзілі за крытычныя выказваньні аб ваенным уварваньні Расеі ва Ўкраіну. Нягледзячы на цяжкі стан яго здароўя, адміністрацыя папраўчай установы жорстка абыходзілася зь ім і адмаўляла ў належнай мэдычнай дапамозе.
Чатыры гады таму, у траўні 2021 году, у той жа калёніі пры падазроных абставінах ва ўзросьце 50 гадоў памёр Вітольд Ашурак, апазыцыйны актывіст, сябра партыі «Беларускі народны фронт». Ашурак памёр неўзабаве пасьля пераводу ў калёнію і зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар. Актывіст быў асуджаны за «парушэньне грамадзкага парадку».
16 чэрвеня 2025 году экспэрты накіравалі ўладам Беларусі ліст з асьцярогамі наконт магчымых грубых парушэньняў правоў чалавека ў сувязі з гэтымі дзьвюма сьмерцямі. Экспэрты нагадалі, што ў 2023 годзе яны зьвярталіся да ўраду Беларусі зь лістом аб сьмерці мастака Алеся Пушкіна падчас зьняволеньня ў турме № 1 у Горадні, як мяркуецца, пасьля адмовы яму ў своечасовай мэдычнай дапамозе. На гэты ліст з просьбай расьсьледаваць сьмерць Пушкіна адказу не было.
«Надзвычай важна належным чынам расьсьледаваць паведамленьні аб жорсткім і грэблівым абыходжаньні, якія прывялі да сьмерцяў Штэрмера, Ашурка, Пушкіна і іншых людзей, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі. Ёсьць важкія падставы меркаваць, што гэтых людзей маглі пазбавіць жыцьця ў адплату за законнае ажыцьцяўленьне імі сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, такіх як права на свабоду выказваньня думак і мірных сходаў», — адзначылі незалежныя экспэрты ААН Нілс Муйжніекс, Айрын Хан, Бэн Сол і Морыс Тыдбал-Бінц.
Форум