Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі форвард польскага клюба не паляціць на матч у Казахстан, каб ня быць затрыманым


Ільля Шкурын, фота з сайту «Легіі»
Ільля Шкурын, фота з сайту «Легіі»

Беларускі футбаліст Ільля Шкурын адкрыта выступае супраць Аляксандра Лукашэнкі.

У чацьвер 17 ліпеня варшаўская «Легія» сустрэнецца з казахстанскім футбольным клюбам «Актабэ» ў матчы ў адказ першага раўнду кваліфікацыі Лігі Эўропы. За польскі клюб гуляе беларус Ільля Шкурын, але ён ня зможа прыняць удзел у гульні.

Паводле інфармацыі www.sport.pl, трэнэр каманды Эдвард Ярданэску ня зможа выкарыстаць Ільлю Шкурына, у якога няма праблем са здароўем, праз палітычныя праблемы:

«Шкурын адкрыта крытыкуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Ён адмовіўся гуляць за зборную Беларусі, пакуль урад ня зьменіцца. Гулец „Легіі“ баіцца, што ўлады Беларусі могуць паўплываць на службы бясьпекі ў Казахстане і нанесьці яму шкоду, напрыклад, адмовіўшы ва ўезьдзе ў краіну або затрымаўшы яго ў аэрапорце ці гатэлі», — піша польскае выданьне.

У першым матчы «Легія» ў Варшаве перамагла 1:0. Матч у адказ пройдзе ў чацьвер.

Хто такі Ільля Шкурын

Ільля Шкурын перайшоў у варшаўскую «Легію» у лютым 2025 года. Раней ён гуляў за польскі клюб «Сталь», за за «Макабі» (Ізраіль), за ЦСКА (Расея).

Расейскі клюб ЦСКА беларус пакінуў у 2021 годзе, перайшоўшы ў арэнду спачатку ў кіеўскае «Дынама», потым у польскі «Ракаў» — у абедзьвюх камандах замацавацца не атрымалася. Вярнуцца ў Расею Шкурын ня мог праз сваю грамадзянскую пазыцыю — ён выступае супраць рэжыму Лукашэнкі і нападу Расеі на Ўкраіну.

У 2020 годзе Ільля Шкурын першым зь беларускіх спартоўцаў публічна заявіў, што адмаўляецца выступаць за колеры нацыянальнай каманды на знак салідарнасьці з дэмакратычнымі пратэстамі ў Беларусі.

«Прадстаўляць інтарэсы нацыянальнай каманды я адмаўляюся да таго часу, пакуль дзейнічае рэжым Лукашэнкі. Жыве Беларусь», — напісаў Шкурын 15 жніўня 2020 году ў сваім Інстаграме.

У сьнежні 2020 году футбаліст падпісаў ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту. Пасьля чаго яго выключылі са зборнай Беларусі і пазбавілі ільготы па адтэрміноўцы вайсковай службы.

Тагачасны старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў заяўляў, што Шкурын ня меў права адмовіцца гуляць за зборную, і Фэдэрацыя футболу Беларусі нават скардзілася ў ФІФА, але Міжнародная футбольная фэдэрацыя адмовілася разглядаць скаргу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG