Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі затрымалі беларуса, які прыйшоў прасіць прытулку


Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі. Архіўнае фота
Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі. Архіўнае фота

У Грузіі пачасьціліся адмовы беларусам у прытулку.

14 ліпеня на выхадзе з Дэпартамэнту міграцыі ў Тбілісі затрымалі грамадзяніна Беларусі, паведаміў «Позірку» праваабаронца Раман Кісьляк, які цяпер жыве ў Грузіі.

Паводле Кісьляка, беларусу ў дэпартамэнце сказалі прыйсьці на наступны дзень, бо не пасьпяваюць прыняць ягоную заяву. Але калі пайшоў на выхад, яго затрымалі.

Як сьцьвярджае Кісьляк, затрыманы не выяжджаў з Грузіі больш за год, што забаронена міграцыйнымі правіламі. І ў яго быў пратэрмінаваны пашпарт, бо пасольствы Беларусі перасталі іх выдаваць з восені 2023 году.

Грузінскія ўлады апошнім часам адмаўляюць беларусам у прытулку. Кіроўная партыя «Грузінская мара» прарасейскага алігарха Бідзіны Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Захадам і прызнала рэжым Лукашэнкі. Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Кавелашвілі, выбары якога апазыцыя байкатавала, сёлета павіншаваў Лукашэнку зь пераабраньнем.

Сам Раман Кісьляк 11 ліпеня атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, прайшоўшы за некалькі гадоў усе мясцовыя інстанцыі. Цягам 30 дзён ён абавязаны пакінуць Грузію. У яго таксама скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта. «У гэтай сытуацыі ў мяне адна дарога — у Беларусь», — сказаў ён «Позірку».

Кісьляк мае намер абскардзіць рашэньне мясцовых уладаў у ААН.

У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тысяч беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасьць паступова зьмяншаецца.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага офісу, у Грузію з 2021 году прыехала каля 21 тысячы беларусаў, прычым больш за 13 тысяч — у 2022 годзе. З 2023 году колькасьць беларусаў, якія пакідаюць Грузію большая за тых, хто туды прыяжджае.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG