Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, каму перадалі канфіскаваную пераемніцу кампаніі Wargaming у Беларусі і Расеі


Сымболіка гульняў расейскай кампаніі Lesta Games
Сымболіка гульняў расейскай кампаніі Lesta Games

Кампанія «Lesta games» перайшла пад кіраваньне нядаўна створанай маскоўскай кампаніі са статутным фондам 128 даляраў.

Маскоўскае выданьне Forbes паведаміла, што кампанія «Lesta games», канфіскаваная ва ўласнасьць расейскай дзяржавы, перайшла створанай 1 ліпеня маскоўскай кампаніі «Айти Технологии».

Гэта вынікае з дадзеных расейскага Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў. Пад кіраваньне новай арганізацыі таксама перайшлі 100 працэнтаў акцый кампаній «Леста Геймс Москва» і «Леста Геймс Эдженси».

Раней маскоўскі суд задаволіў пазоў Генпракуратуры Расеі і канфіскаваў тры кампаніі — распрацоўшчыка гульні «World of Tanks» на карысьць дзяржавы.

Узначальвае кампанію «Айти Технологии» мэнэджэр, зьвязаны з Росмаёмасьцю, даведаліся журналісты:

«Генэральным дырэктарам „Айти Технологии“ паказаны Ігар Крывашэеў, статутны капітал кампаніі складае 10 000 рублёў», — піша выданьне. Гэта каля 128 даляраў ЗША.

Кампанія «Lesta games» афіцыйна стала дзяржаўнай з 11 чэрвеня 2025 года. Яна перайшла ва ўласнасьць Фэдэральнага агенцтва па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю. Расейская дзяржава атрымала кантроль ня толькі над асноўнай кампаніяй, але і над дзьвюма яе «дочкамі»: «Леста Геймс Москва» і «Леста Геймс Эдженси». Апошняя выконвае вядучую ролю ў камэрцыйнай дзейнасьці групы і мае правы на такія вядомыя праекты, як «Мир танков», «Мир кораблей» і «Наша игра» на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

3 чэрвеня ў Расеі забаранілі дзейнасьць кампаніі «Леста», кіраўніка кампаніі Маліка Хатажаева прызналі экстрэмістам на фоне супрацоўніцтва з кіраўніком студыі Wargaming Віктарам Кіслым і абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага аб’яднаньня».

Што папярэднічала

Расейская студыя Lesta Games з пачаткам вайны выкупіла ў Wargaming бізнэс у Беларусі і Расеі. Пазьней яна трапіла пад ціск расейскіх сілавых і судовых структураў.

Кампаніі выставілі абвінавачаньні ў фінансаваньні Ўзброеных сіл Украіны.

Кампанія Wargaming вядомая дзякуючы гульні World of Tanks. З пачаткам вайны Расеі супраць Украіны кіраўніцтва Wargaming прыняло рашэньне пакінуць рынкі Расеі і Беларусі, мясцовыя актывы перадалі расейскаму мэнэджмэнту кампаніі.

Lesta Games — расейская кампанія, якая ўтварылася ў выніку разьдзелу кіпрскай кампаніі зь беларускімі каранямі Wargaming і перадачы расейскаму мэнэджмэнту права ўласнасьці на яе гульнёвы бізнэс у Расеі і Беларусі. Разьдзел завяршыўся ў 2023 годзе.

У канцы красавіка 2025 году расейскі суд арыштаваў актывы Lesta Games.

Малік Хатажаеў, уладальнік Lesta Games, заяўляў, што ён не падтрымлівае адносін з уласьнікам Wargaming Віктарам Кіслым зь лета 2023 году, калі адбыўся падзел кампаніі.

Wargaming захавала свой падразьдзел ва Ўкраіне, які сапраўды падтрымлівае Ўкраіну ў вайне, а беларуская дзяржаўная прапаганда абвінаваціла аднаго з кіраўнікоў кампаніі Мікалая Кацалапава ў ахвяраваньнях беларускім апазыцыйным структурам на «сотні тысяч даляраў». Улады Беларусі ў 2023 годзе нават абвінавацілі яго ў «фінансаваньні тэрарызму» і ўнесьлі ў сьпіс «тэрарыстаў».

Як Wargaming дапамагае Ўкраіне

Wargaming шмат ахвяруе на падтрымку грамадзян Украіны. Кампанія накіравала мільён даляраў на мэдычную дапамогу і абсталяваньне ў першы тыдзень вайны, перадала 100 тысяч даляраў дапамогі пацярпелым ад разбурэньня грэблі Кахоўскай ГЭС.

Пазьней кампанія Wargaming запусьціла двухтыднёвы дабрачынны праект для падтрыманьня Ўкраіны ў вайне, на мэты мэдычнай дапамогі.

«Сотні нашых супрацоўнікаў робяць ахвяраваньні з уласнай ініцыятывы. Так, унутры кампаніі ўдалося сабраць 200 тысяч эўра на закупку машын хуткай дапамогі для ўкраінскіх мэдыкаў. А зараз вы можаце падтрымаць тых, каго закранула вайна, разам з намі. Для гэтага мы запускаем WargamingUnited — наш найбуйнейшы дабрачынны праект», — паведамлялі ў кампаніі.

  • Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы.
  • Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў многіх краінах і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.
  • У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэлякацыі супрацоўнікаў беларускага офісу ў іншыя краіны.
  • Вясной 2022 году Wargaming прадаў бізнэс у Расеі і Беларусі сваёй былой расейскай «дачцэ» — санкт-пецярбурскай студыі Lesta Games. Яна атрымала права выпускаць гульні Wargaming у абедзьвюх краінах і правяла рэбрэндынг сэрыі гульняў «World of Tanks», «World of Warships» і «World of Tanks Blitz». Цяпер на беларускім і расейскім рынках яны называюцца адпаведна «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG