Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 ліпеня: у Горадні пачаўся масавы суд за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

абноўлена

Сілавікі ў Беларусі. Архіўнае фота
Сілавікі ў Беларусі. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У Горадні пачаўся масавы суд за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», на лаве падсудных ня менш за 5 чалавек. Ім інкрымінавалі артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Як мяркуецца, гэты судовы працэс зьвязаны з «дваровымі чатамі».

Мінулай восеньню ў рэгіёнах Беларусі прайшла хваля затрыманьняў у справе дваровых чатаў, якія нібыта «спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю». Тады КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» шэраг дваровых чатаў: «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца 2.0», «Солидарность», «Вольныя ваўкі», «Наваградзкія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».

ГУБАЗіК заявіў аб затрыманьні беларусаў з «пашпартамі Новай Беларусі»

Двух жыхароў Магілёва затрымалі пры спробе вярнуцца ў Беларусь. Як сьцьвярджае набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал, пры сабе ў іх нібыта былі «пашпарты Новай Беларусі», піша «Люстэрка».

Сілавікі заявілі, што аднаму з затрыманых нібыта выдалі дакумэнт бясплатна «за садзеяньне Офісу Сьвятланы Ціханоўскай». За гэта на яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Тэлеграм-канал ГУБАЗіК піша, што яго арыштавалі.

Другі затрыманы, як сьцвярджаюць сілавікі, заплаціў за афармленьне пашпарта «і гатовы пакрыць шкоду ў 100-разовым памеры (10 тысяч даляраў ЗША) з спыненьнем крымінальнай справы за фінансаваньне экстрэмізму».

«Гэтая інфармацыя пакуль правяраецца, а пэрсанаж знаходзіцца пад падпіскай», — сьцьвярджае тэлеграм-канал ГУБАЗіК.

Сілавікі заявілі, што беларусам, якія аформілі «пашпарты Новай Беларусі», можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўленьня волі, матываваўшы гэта тым, што з 9 ліпеня 2025 году ўлады Беларусі прызналі Аб’яднаны пераходны кабінэт «тэрарыстычнай арганізацыяй».

ГУБАЗіК сфатаграфаваў затрыманых беларусаў з падробленымі пашпартамі «Новай Беларусі».

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў камэнтары «Нашай Ніве» адзначыў, што пашпарты, якія трапілі на фотаздымак з канала сілавікоў, — падробленыя. На іх назва краіны напісаная ня так, як на арыгінальным «пашпарце Новай Беларусі».

«Аблажаліся яны. Нават муляж ня могуць зрабіць нармальна», — сказаў Франак Вячорка.


Жыхарку Бабруйску затрымалі за перасланае ў 2022 годзе відэа з вайсковай тэхнікай

39-гадовую спэцыялістку ў пэрманэнтным макіяжы з Бабруйску затрымалі за перасланьне відэа з расейскай вайсковай тэхнікай «экстрэмісцкаму рэсурсу», піша Сьледчы камітэт. Завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб «садзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК), піша «Вясна».

Паводле ведамства, бабруйчанка, едучы зь Сьветлагорску ў Менск і Бабруйск, па дарозе зьняла на відэа калёну тэхнікі, якая ехала ў Гомельскую вобласьць, і накіравала запіс «экстрэмісцкаму каналу».

Муж затрыманай адбывае тэрмін паводле пратэставага крымінальнага артыкулу. Як піша СК, яго асудзілі за «ўдзел у масавых беспарадках».

Паводле інфармацыі «Вясны», ужо распачаліся першыя судовыя працэсы па «справе Гаюна». Праваабаронцам вядома пра сама меней 26 пацьверджаных фігурантаў гэтай справы, якіх зьмясьцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG