Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГАТЭ заявілі аб актывізацыі абстрэлаў паблізу захопленай Расеяй Запароскай АЭС


Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі. Ілюстрацыйнае фота
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі. Ілюстрацыйнае фота

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі паведаміў, што сотні стрэлаў з стралковай зброі ў ноч на 13 ліпеня паблізу захопленай Расеяй Запароскай АЭС ёсьць прыкметаю «ваеннай дзейнасьці», якая пагражае ядзернай бясьпецы.

Як адзначаецца ў заяве, прадстаўнікі місіі МАГАТЭ, якія працуюць на Запароскай АЭС, чулі стрэлы цягам гадзіны, пачынаючы з 22.00 мясцовага часу.

У часе агляду месца падзеяў раніцай 13 ліпеня інспэктары МАГАТЭ пабачылі мноства гільзаў малога калібру, раскіданых на зямлі каля пятага і шостага рэактарных блёкаў. Разьбітых вокнаў і іншых фізычных пашкоджаньняў ня выявілі.

«Такая ваенная дзейнасьць на буйной атамнай электрастанцыі або паблізу яе відавочна непрымальная», — заявіў Рафаэль Гросі.

У заяве адзначаецца, што гэтыя стрэлы маглі быць зьвязаныя з атакай бесьпілётнікаў, якая адбылася паблізу Запароскай АЭС і ў горадзе Энэргадар, дзе жывуць большасьць супрацоўнікаў Запароскай АЭС.

Генэральны дырэктар МАГАТЭ паўтарыў сваю «глыбокую заклапочанасьць відавочным ростам выкарыстаньня бесьпілётнікаў паблізу атамных электрастанцыяў з пачатку гэтага году» і заявіў, што такая зброя нясе відавочную рызыку ядзернай бясьпецы.

«Мы назіраем відавочную эскаляцыю ўдараў бесьпілётнікаў у часе гэтай вайны, што таксама ўплывае на атамныя электрастанцыі Ўкраіны і патэнцыйна паддае іх дадатковай небясьпецы. Як я ня раз заяўляў, кожны ваенны напад на ядзерны аб’ект — зь бесьпілётнікамі ці бязь іх — ставіць пад пагрозу ядзерную бясьпеку і павінен быць неадкладна спынены», — заявіў Рафаэль Гросі.

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.

Тэрыторыя станцыі пэрыядычна трапляе пад абстрэлы, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.

У ліепні 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.

Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG