У вёсцы Печышчы Верхнеўслонскага раёну ў Татарстане адкрылі бюст Янкі Купалы з нагоды дня ягонага нараджэньня, стагодзьдзя прысваеньня яму званьня народнага паэта Беларусі, а таксама 50-годзьдзя адзінага ў Расеі музэю беларускага паэта.
Бюст разьмясьцілі ў будынку музэю ў Печышчах.
Як паведамілі ў музэі, аўтар бюста Янкі Купалы — «малады скульптар, сябра Саюза мастакоў Расеі Цімафей Цюрын». Вядома, што гэты скульптар — ураджэнец Верхнеўслонскага раёну Татарстану. Ён займаецца манумэнтальнай скульптурай і камэрнай плястыкай.
Летась, як вынікае з плятформы, створанай для расейскіх скульптараў і мастакоў, ён зрабіў рэльефны мэдаль у гонар Янкі Купалы.
У музэі таксама адзначылі, што скульптар стварыў бюст пры падтрымцы аддзяленьня беларускай амбасады ў Казані (Татарстан), а таксама прадстаўніцтваў двух беларускіх прадпрыемстваў — ТАА «ТПК МТЗ-Татарстан» і ТАА «МАЗ-РУС».
На сьвяце паказалі музычна-літаратурную праграму на беларускай, расейскай і татарскай мовах.
Форум