Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Эўразьвяз дагэтуль не прыняў новы пакет санкцый супраць Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эўрапейскі Зьвяз набліжаецца да таго, каб нарэшце прыняць чарговы пакет санкцый, 18-ы ад пачатку маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну больш за тры гады таму, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк. Але два пункты ўсё яшчэ застаюцца няўзгодненымі.

Па-першае, абмежаваньне столі цэнаў на расейскую нафту. Яно ўсё яшчэ ёсьць у праекце, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода, але ёсьць пытаньне, ці застанецца яно там.

Па-другое, Славаччына наклала вэта на пытаньне, якое зьвязана з санкцыямі, хоць непасрэдна і не зьяўляецца часткай пакета.

Калі Эўрапейская камісія прэзэнтавала прапанаваны пакет санкцый дзяржавам ЭЗ у пачатку чэрвеня, асноўнай прапановай было зьніжэньне ліміту цэн на нафту зь цяперашняга ўзроўню 60 даляраў за барэль да 45 даляраў.

Паколькі гэтая палітыка рэалізуецца ў рамках «Вялікай сямёркі» (G7), ЭЗ спрабаваў атрымаць ухвалу такога кроку ад іншых краін G7, у прыватнасьці, ЗША, на саміце ў Канадзе ў мінулым месяцы. Але прадстаўнікі ЭЗ ня здолелі пераканаць Злучаныя Штаты, асабліва пасьля таго, як цэны на нафту рэзка вырасьлі пасьля ўдараў Ізраіля і ЗША па Іране.

Аднак Эўразьвяз разглядаў магчымасьць усё адно пайсьці на такі крок. Чыноўнікі ЭЗ, знаёмыя з дакумэнтам, але не ўпаўнаважаныя выступаць афіцыйна, адзначылі, што падчас нядаўніх дыскусій у Брусэлі супраць зьніжэньня ліміту цэн выступалі Кіпр, Грэцыя і Мальта — краіны са значнымі сэктарамі марскіх паслугаў.

Лічыцца, што Кіпр і Грэцыя могуць зьмякчыць сваю пазыцыю, асабліва ўлічваючы, што Вялікабрытанія, яшчэ буйны марскі гулец, падтрымлівае Брусэль у пытаньні больш нізкай столі цэн на нафту.

Дыпляматы нават лічаць, што Злучаныя Штаты ўрэшце таксама могуць далучыцца да такіх абмежаваньняў, калі Брусэль і Лёндан цалкам падтрымаюць гэта. Апошняй перашкодай, выглядае, застаецца Мальта, хоць ёсьць некаторыя надзеі, што гэтая краіна можа пагадзіцца на нізкую столь цэн на нафту, хоць і вышэйшую за прапанаваныя 45 даляраў за барэль.

Застаецца яшчэ пытаньне славацкага вэта.

Браціслава заяўляе, што падтрымае дадатковыя санкцыі толькі калі адбудуцца зьмены ў прапанове Эўрапейскай камісіі наконт паэтапнай адмовы ад імпарту расейскай энэргіі ў ЭЗ да канца 2027 году.

Прапанова, якую прэзэнтавалі ў траўні, называецца RePowerEU, і яна выклікала абурэньне ў прадстаўнікоў Славаччыны, а таксама Вугоршчыны, якая, як мяркуецца, ціха падтрымлівае свайго паўночнага суседа. І лёгка зразумець, чаму.

З 2022 году Эўрапейскі Зьвяз абмяжоўвае розную расейскую энэргетычную прадукцыю праз санкцыі, — напрыклад, забараняючы большую частку імпарту вугалю і нафты ў ЭЗ. Але санкцыі патрабуюць аднагалоснай падтрымкі 27 дзяржаў Эўразьвязу. Вугоршчына і Славаччына за апошнія пару гадоў наклалі вэта на некаторыя з больш абмежавальных прапаноў Брусэля, накіраваных на расейскую энэргію.

Таму Эўрапейская камісія спрабуе праз RePowerEU рэгуляваць унутраны рынак ЭЗ у тым ліку і з дапамогай мераў, якія можна прыняць кваліфікаванай большасьцю ў 55 працэнтаў дзяржаў, якія прадстаўляюць 65 працэнтаў ад агульнай колькасьці насельніцтва Эўразьвязу.

Іншымі словамі, гэта маршрут у абыход Браціславы і Будапэшту. Ключавой прапановай будзе заканадаўчае патрабаваньне забараніць усе новыя расейскія газавыя кантракты і кароткатэрміновыя так званыя спотавыя кантракты на расейскі звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) не пазьней за канец гэтага году. Для больш доўгатэрміновых кантрактаў будзе прапанаваны пэрыяд згортваньня, які мае закончыцца не пазьней за канец 2027 году.

Імпарт газу з Расеі ў ЭЗ скараціўся з 45 працэнтаў у 2021 годзе да 19 працэнтаў у 2024 годзе і, як чакаецца, зьнізіцца да 13 працэнтаў у 2025 годзе пасьля завяршэньня транзытнага маршруту праз Украіну на пачатку году. Аднак ЭЗ быў зьбянтэжаны тым, што імпарт расейскага ЗПГ павялічыўся на 12 працэнтаў у мінулым годзе ў параўнаньні з 2023 годам.

Што тычыцца імпарту нафты, сытуацыя менш драматычная, але вельмі адрозная паводле краінаў і палітычна адчувальная.

Імпарт расейскай нафты сёньня складае толькі 3 працэнты ад агульнага аб’ёму імпарту нафты ў ЭЎ у параўнаньні з 27 працэнтамі ў 2022 годзе, галоўным чынам праз санкцыі, якія забаранілі імпарт расейскай нафты марскім шляхам, а таксама імпарт нафтапрадуктаў.

Але краіны Цэнтральнай Эўропы, якія не маюць выхаду да мора, атрымалі вызваленьне ад гэтых абмежаваньняў. У той час як Чэхія цяпер спыніла імпарт з гэтай крыніцы, Вугоршчына і Славаччына ўсё яшчэ атрымліваюць 80 працэнтаў свайго імпарту нафты з Расеі.

Эўрапейская камісія цяпер запатрабуе спыніць імпарт расейскай нафты да канца 2027 году, і абедзьве краіны павінны даць графік таго, як яны плянуюць гэтага дасягнуць, прапанаваць альтэрнатыўныя варыянты, якія яны плянуюць выкарыстоўваць, і забясьпечыць большую празрыстасьць сваіх бягучых кантрактаў з Масквой.

Прэмʼер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца заявіў на саміце ЭЗ у Бруселі 26 чэрвеня, што ён ня дасьць зялёнага сьвятла пакету санкцый, бо яму патрэбныя тлумачэньні адносна RePowerEU.

Паводле дыпляматаў, знаёмых з справай, Браціслава просіць ня столькі пра вызваленьне ад абмежаваньняў, колькі пра юрыдычную пэўнасьць адносна патэнцыйных прэтэнзій Газпрома па кантрактах.

На мінулым тыдні чыноўнікі Эўрапейскай камісіі наведалі Браціславу, каб сустрэцца як са славацкімі чыноўнікамі, так і з прадстаўнікамі энэргетычных кампаній.

Дыпляматы ЭЗ заявілі, што сустрэчы «прайшлі добра», але здаецца, што славацкага прэмʼера Фіца ўсё яшчэ не атрымалася цалкам пераканаць. Паслам ЭЗ, якія сустрэліся ў Бруселі 4 ліпеня, каб абмеркаваць санкцыі, паведамілі, што яны яшчэ не гатовыя да ўхваленьня.

У прэс-рэлізе, апублікаваным Міністэрствам эканомікі Славаччыны пасьля візыту прадстаўнікоў Эўрапейскай камісіі, таксама агучвалася думка, што ў найбліжэйшыя дні трэба правесьці дадатковыя перамовы.

Славацкая міністарка эканомікі Дэніса Сакава заявіла, што «сустрэча ў Браціславе стала важным крокам да пошуку рашэньняў, якія ўлічваюць канкрэтныя фактары кожнай дзяржавы-члена пры дывэрсыфікацыі крыніц і тым самым забясьпечваюць даступныя цэны на энэргію таксама для славацкай прамысловасьці, якая сутыкаецца з ростам выдаткаў».

Яна дадала, што «мы гатовыя працягваць канструктыўна падыходзіць да прапанаваных мер і працягваць экспэртную дыскусію з удзелам усіх зацікаўленых бакоў».

Што варта ведаць пра цяперашнія санкцыі супраць Беларусі

2020 год

Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да гэтых і наступных санкцый далучаліся таксама іншыя краіны, у тым ліку партнэры ЭЗ.

Першапачаткова гэта былі пераважна візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў для чыноўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для іншых асобаў, падазраваных ва ўдзеле ў рэпрэсіях і фальсыфікацыях выбараў.

2021 год

Эўразьвяз увёў эканамічныя сэктаральныя санкцыі пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

Сярод іншага, Эўразьвяз тады ўвёў абмежаваньні на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.

Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў таксама ўвялі падобныя эканамічныя санкцыі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

У сьнежні 2021 году Эўразьвяз увёў пакет санкцыяў у сувязі зь міграцыйным крызісам, абвінаваціўшы афіцыйны Менск і Маскву ў «гібрыднай агрэсіі» супраць ЭЗ і выкарыстаньні нелегальнай міграцыі як зброі. Новыя санкцыі ЭЗ тычыліся 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, чые актывы замарожваліся. Падобныя ж санкцыі тады ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

2022-2025 год

У лютым 2022 году расейскія войскі скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну, а ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны яны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для абстрэлу Ўкраіны.

У сувязі з гэтым у лютым 2022 году пра новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі ЗША, Канада і Эўразьвяз. Гэтыя санкцыі тычыліся шэрагу беларускіх чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама прадпрыемстваў. Цягам наступных месяцаў, свае аналягічныя санкцыі ўводзілі Карэя, Японія і шэраг іншых краінаў.

Ад 2022 году ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны Эўразьвяз зрабіў яшчэ больш за дзясятак санкцыйных крокаў адносна Беларусі. Мноства санкцый увялі таксама ЗША ды іншыя краіны. Сярод крокаў Эўразьвязу былі наступныя:

  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 3 чэрвеня 2022 году ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу былі ўключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, сэрбскі бізнэсовец Багалюб Карыч, які меў інтарэсы ў Беларусі, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак. Таксама ЭЗ ухваліў адключэньне ад SWIFT «Белінвестбанку» і ўвёў новыя санкцыі супраць Беларуськалію, Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмаша і Белтэлерадыёкампаніі.
  • 3 жніўня 2023 году ЭЗ дадаў у санкцыйныя сьпісы яшчэ 38 асобаў — пераважна судзьдзяў і начальнікаў калёніяў, а таксама прапагандыстаў Вадзіма Гігіна і Ксенію Лебедзеву. Пад санкцыі трапілі і тры прадпрыемствы — Белнафтахім, ААТ «Менскі электратэхнічны завод» і ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»
  • 29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія да таго ўвёў супраць Расеі. У прыватнасьці ЭЗ абмежаваў пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі перадавацца ў Расею празь Беларусь. Гэта тычылася тавараў і тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў. Таксама ўвялі забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
  • 24 лютага 2025 году ў 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу было ўключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл» — вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі.
  • 27 сакавіка 2025 Эўразьвяз увёў санкцыі яшчэ супраць 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, РУП «Беларускія лятарэі», ТАА «Рыдота», ААТ «Плянар», РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі», а таксама ТАА «Цыбулька-Бел» з аграгарадку Гуды Лідзкага раёну (Горадзенская вобласьць). Уладальнікам «Цыбулькі-Бел» зьяўляецца дэпутат фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў. Сярод асобаў пад санкцыямі апынуліся кіраўнікі вышэйназваных прадпрыемстваў, судзьдзі, чальцы ЦВК і партыі «Белая Русь».
  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG