Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуць школу мыць». Навошта вучняў хочуць абавязаць працаваць і як гэта ўспрымаюць іх бацькі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве адукацыі вырашылі ўвесьці для школьнікаў летнюю працоўную практыку. Праходзіць яе будуць у школе, а таксама «на базе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў». Бацькі мяркуюць, што гэтага можна будзе ўнікнуць.

Для школьнікаў з 5-х па 8-я клясы ўводзяць абавязковую летнюю практыку. Гэта вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі № 72. Цягам 5 дзён па 3 гадзіны з школьнікамі будуць праводзіць практычныя заняткі, калі школа мае вучэбна-досьледныя ўчасткі. То бок прышкольны гарод ці сад. У іншых выпадках вучні будуць займацца грамадзка карыснымі працамі, працай на базе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Такая практыка будзе пачынацца ў канцы навучальнага году, гэта значыць на летніх вакацыях. Вызначаць, што менавіта школьнікі будуць рабіць на такой летняй практыцы, будзе кіраўніцтва школы. Так запісана ў дакумэнце. Частка пунктаў гэтай пастановы пачынае дзейнічаць ужо зараз, частка — з 1 верасьня.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі бацькамі школьнікаў пра такую працоўную практыку на летніх вакацыях. У іхных дзяцей такія працы пакуль не пачаліся. Многія бацькі сышліся на думцы, што прымусіць дзяцей да такіх працаў будзе цяжка.

«Мяркую, што з сучаснымі бацькамі будзе цяжка прымусіць нешта рабіць іхных дзяцей. Тым больш выкарыстоўваць бясплатную дзіцячую працу ў сельскагаспадарчых арганізацыях», — разважае адна з суразмоўцаў.

Яшчэ адзін суразмоўца прыгадаў, што ў ягоным юнацтве была такая практыка.

«Некаму ўдасца гэтага ўнікнуць, некаму — не. Будуць, як мы раней, проста мыць школу», — сказаў ён.

Старыя практыкі

На адукацыйную галіну працягваюць ціснуць, бо сыстэму напалохаў 2020 год. Такую думку ў размове з Свабодай выказаў былы настаўнік, а зараз пранкер, які разыгрывае настаўнікаў у Беларусі і Расеі, — Уладзіслаў Бохан.

Суразмоўца мяркуе, што гэткія «інавацыі» чыноўнікаў — імітацыя дзейнасьці.

«Каторы год яны ціснуць на адукацыю і зьверху патрабуюць нейкіх вынікаў. А чыноўнікі зьнізу ня здольныя нарадзіць штосьці новае, таму і выцягваюць нешта з таго, што ўжо было, быццам гэта нешта добрае, што дазволіць прадукаваць у школах палітычна „правільных“ грамадзян», — сьцьвярджае былы настаўнік. На думку Бохана, гэтае новаўвядзеньне — проста праява бюракратыі.

«Увогуле бюракратычная сыстэма ў нас трымаецца выключна на плянах ды прыгожых справаздачах. Дзейнасьць і праца імітуецца цалкам. І гэтыя „інавацыі“ — папросту частка вялікай агульнай імітацыі дзейнасьці. Канцэптуальнага сэнсу ў гэтым папраўдзе няма», — кажа Бохан.

«Дзень прызыўніка» ў Міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёна Менска 16 сакавіка 2022, ілюстрацыйнае фота
«Дзень прызыўніка» ў Міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёна Менска 16 сакавіка 2022, ілюстрацыйнае фота

Што да магчымых канфліктаў і нэгатыўнай рэакцыі бацькоў школьнікаў, то былы настаўнік зважае на тое, як гэтую «інавацыю» пададуць. Ад гэтага будзе залежаць і рэакцыя бацькоў.

«Калі без ідэалягічнага патасу, то можна растлумачыць гэта нейкай карысьцю для выхаваньня. Тады большасьці канфліктаў можа і ня быць», — мяркуе суразмоўца.

«Дзеці вучацца, гэта і ёсьць іхная праца»

Дзеці ня мусяць працаваць на вакацыях, упэўненая падлеткавы псіхоляг Вольга (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы з прычын бясьпекі. — РС). Паводле спэцыялісткі, у школьнікаў і так ёсьць праца, яны вучацца ўвесь год, а на вакацыях мусяць адпачываць.

«Дзеці мусяць вучыцца і ўлетку адпачываць ад вучобы. Пасьля такой працоўнай практыкі мы што, пяройдзем да дзіцячай працы? Некалі, пакуль не зьявілася катэгорыя юнацтва, у пачатку XX стагодзьдзя, дарослыя лічылі дзяцей за дарослых, якія могуць працаваць. Яны і працавалі — на палях, агародах, яшчэ недзе. Пасьля высьветлілася, што ёсьць этапы разьвіцьця: дзяцінства, перадпадлеткавы ўзрост, падлеткавы ўзрост. На кожным з гэтых этапаў ёсьць свая задача, і гэтыя задачы не стасуюцца працы», — мяркуе спэцыялістка.

Працоўную практыку ў школах псыхоляг называе рэгрэсам і адкочваньнем у мінулае. Бо яна выглядае хутчэй як бясплатная дзіцячая праца.

«Дзеці ў канцы навучальнага году чакаюць вакацыяў, усім цяжка. А тут трэба некуды яшчэ хадзіць і працаваць. Гэта наагул ні да чога, гэта назад у СССР», — кажа спэцыялістка.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Увядзеньне абавязковай працоўнай практыкі ці школьнай формы — рэшткі савецкай сыстэмы, якую ўлады Беларусі імкнуцца абнавіць у больш жорсткім варыянце, мяркуе экспэрт у адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэй Лаўрухін.

«Гэта частка агульнай рэанімацыі савецкага ўкладу. Гэта ідзе поруч зь мілітарызацыяй дзяцінства: вайсковыя лягеры і падобнае. Для чыноўнікаў савецкая адукацыя — найлепшая ў сьвеце. Аднак нават тады дзяцей не вадзілі па турмах і не паказвалі, як там сядзяць людзі. Тады не было масавага прымусовага вайскова-патрыятычнага выхаваньня. Не было такіх мілітарысцкіх настрояў і напампоўваньня агрэсіяй супраць сваіх жа грамадзян», — кажа экспэрт.

Крыху гісторыі

Працоўная практыка ў школе была і ў тых, хто вучыўся за савецкім часам, і ў тых, хто сканчваў школу ў нулявыя. Тады ў вясковых школах дзецуям загадвалі працаваць на палях у калгасе ці на школьным падворку. У гарадзкіх школах адпрацоўкі былі іншыя, гэта залежала ад канкрэтнай установы. Звычайна такая практыка доўжылася тыдзень ці два і таксама пачыналася пасьля навучальнага году, падчас летніх вакацыяў.

У тым ці іншым выглядзе такая бясплатная дзіцячая праца існавала да 2016 году. Тады здарылася трагедыя — на полі загінула васьміклясьніца Вікторыя Папчэня. Падчас выбіраньня бульбы на палетках гаспадаркі «Ўсход-Агра» на дзяўчыну наехаў грузавік.

Кіраўніка гаспадаркі пасьля здарэньня зь Вікторыяй Папчэняй звольнілі. Кіроўцу, які наехаў на школьніцу, асудзілі на тры гады «хіміі».

Дырэктару школы тады далі вымову, завучаў панізілі да настаўнікаў, а дзьвюх настаўніц, якія суправаджалі дзяцей «на бульбе», асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». Таксама яны атрымалі штраф па 100 базавых велічыняў (каля 2 тысяч эўра), ім было забаронена цягам 2 гадоў займаць пасады, зьвязаныя зь бясьпекай дзяцей.

Тады некалькі гадоў аб залучэньні дзяцей да ўборкі ўраджаю праз школы не было чуваць. У 2022 годзе Лукашэнка выказаўся за тое, каб старшаклясьнікаў прыцягвалі да ўборкі ўраджаю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG