«Калі няма руху ні наперад, ні назад, я буксую, мне некамфортна»
Беларуска Галіна Красьнянская з 2003 году жыве ў Швэцыі, даўно мае швэдзкае грамадзянства. Кардынальна сваё жыцьцё Галіна зьмяніла, калі мела 47 гадоў. Зараз ёй 69.
«У мяне ёсьць такая рыса: калі няма руху ні наперад, ні назад, я буксую, мне некамфортна. Я працавала тады ў Менску ў турызьме. Знаёмая жанчына сказала, што ў Швэцыі лёгка ўладкавацца зь дзіцем. Муж мяне не зразумеў і не паехаў, а мы з малодшым сынам рызыкнулі. Прыехалі ў Швэцыю, падалі дакумэнты на часовае жыхарства. Спачатку суд нам адмовіў: маўляў, „у Беларусі ўсё нармальна, няма ваенных дзеяньняў — няма падставаў“. А тут выходзіць закон, пад які падпадаюць асобы зь непаўналетнімі дзецьмі. І мы атрымалі дазвол на жыхарства — дзякуючы малодшаму сыну. Пазьней зь Беларусі да нас прыехаў муж. А вось старэйшы сын, ужо дарослы, ня мог узьяднацца зь сям’ёй», — апавядае Галіна.
«Тутэйшыя», амбасадар Эрыксан, арышт
Беларуская сям’я пачала паціху інтэгравацца ў швэдзкае грамадзтва. Галіна пазнаёмлася зь іншымі беларусамі Швэцыі, разам яны ладзілі калядныя ялінкі для дзетак, іншыя імпрэзы.
«З намі сябраваў швэдзкі амбасадар у Беларусі Стэфан Эрыксан. У суполцы мы вырашылі заняцца тэатральнымі пастаноўкамі. Калі Эрыксану не працягнулі працу ў Беларусі, у 2015 годзе мы паставілі спэктакль паводле п’есы „Тутэйшыя“ Янкі Купалы. Там ёсьць пэрсанажы — Заходні Вучоны і Ўсходні Вучоны. Дык Эрыксан граў Заходняга Вучонага, а я выконвала мужчынскую ролю — Усходняга Вучонага. Эрыксан часта прывозіў з канцэртамі Зьмітра Вайцюшкевіча, беларускіх пісьменьнікаў. Стэфан Эрыксан, дарэчы, адным зь першых прыслаў мне віншаваньне з вызваленьнем», — кажа беларуска.
У Швэцыі Галіна Красьнянская працавала пастаянна. Апошняе месца працы — міжнародная фінансавая арганізацыя. У 2021 годзе жанчына выйшла на пэнсію. У Беларусі ў яе заставаліся пажылыя бацькі і сям’я старэйшага сына.
«Я ўвесь час езьдзіла ў Беларусь — як толькі зьявіліся дакумэнты, дазвол на жыхарства. Падчас пратэстаў 2020 году мяне ў Беларусі не было, але пасьля ўжо адчувалася нейкая небясьпека, калі прыяжджала. Едзеш — і ня ведаеш, як вернесься», — апавядае Галіна.
Галіна Красьнянская, фота з прыватнага архіву
Апошні раз яна паехала ў Менск увесну 2023 году. 27 красавіка зьбіралася вяртацца ў Швэцыю, раніцай сьнедала ў менскай кватэры, літаральна праз 10 хвілін зьбіралася выклікаць таксоўку. І тут раптам званок у дзьверы.
«Я падумала: нібыта нічога не замаўляла. А яны ж звоняць так характэрна, яшчэ пару разоў грукнулі ў дзьверы — адразу зразумела, што прыйшла непажаданая публіка. Адчыніла дзьверы — уваліліся чалавек 5. Але ўсё адбывалася спакойна — мяне не клалі тварам у падлогу. Сілавікі размахвалі нейкай паперкай — маўляў, дазвол на ператрус у іх ёсьць. Прывялі яшчэ двух маладых людзей у якасьці панятых.
У мяне быў беларускі тэлефон, дзе не было ніякіх мэсэнджараў. Але яны адкрылі кампутар і знайшлі там перапіску з адной украінкай, якая калісьці мне пісала, што людзі зьбіраюць грошы на дроны для Ўкраіны. А беларускія сілавікі палічылі, што гэта „фінансаваньне экстрэмісцкіх фармаваньняў“», — успамінае Галіна візыт няпрошаных гасьцей.
Яшчэ перад тым, як учыніць ператрус, няпрошаныя госьці запатрабавалі паказаць, дзе ляжаць каштоўнасьці: валюта, залатыя ўпрыгожаньні. На другі дзень яны зайшлі ў кватэру з прадстаўнікамі ЖЭС і ў адсутнасьць гаспадароў забралі ўсе каштоўныя рэчы, расказвае жанчына.
«Я пытаюся — на якой падставе? Відаць, калі б мне быў выстаўлены пазоў, каштоўнасьці пайшлі б на кампэнсацыю», — кажа Галіна.
7 месяцаў у «Амэрыканцы», 32 дні ў карцэры
Спачатку Красьнянскую прывезьлі ва Ўправу КДБ, забралі завушніцы, пярсьцёнак, ключы. Але не было ані допыту, ані нават размовы, узгадвае яна. А ўвечары даставілі ў СІЗА КДБ — Галіна жартуе, што яна VIP-кліентка, бо мае замежны пашпарт.
Суразмоўца расказвае, што першую ноч правяла адна ў «Амэрыканцы», у камэры зь мяккімі сьценамі, абабітымі дэрматынам.
«Я адразу падумала: мабыць, біць будуць. Але мне далі пасьцельную бялізну — я ўзрадавалася. На наступны дзень перавялі ў звычайную камэру. Там я сядзела з прыстойнымі, адукаванымі людзьмі: эканамістам, юрыстам, псыхолягам. Мяне яны як родную прынялі, дзяўчаты адразу далі шкарпэткі, бо ў мяне забралі калготкі — „не паложана“. Боты былі на босую нагу. Накармілі, напаілі гарбатай», — з удзячнасьцю ўзгадвае Галіна сваіх сукамэрніц.
СІЗА КДБ "Амэрыканка", архіўнае фота
У ШЫЗА жанчына не трапляла, а вось у карцары давялося пасядзець.
«Я свой упарты характар выпрабавала на начальніку СІЗА КДБ і атрымала ў суме 32 дні карцару. У такім „мяккім“ пакоі, пра які я ўжо сказала. Але ўсё адно гэта не ШЫЗА. Днём я была там адна, не дазволена было чытаць, пісаць, ляжаць, драмаць. Начавала ў звычайнай камэры. Потым 10 дзён перапынак — і зноў 10 дзён карцару», — узгадвае жанчына.
«Бог мяне пачуў і не дазволіў агаварыць сябе»
Паколькі паказаньняў з прызнаньнем Галіна не дала, сьледчы быў вельмі злы, — узгадвае суразмоўца. Сын заключыў дамову з адвакатам, абаронца патлумачыў Галіне, што яна можа наагул не даваць паказаньняў.
«Мяне абвінавачвалі ў „фінансаваньні экстрэмісцкіх фармаваньняў“. Яны нібыта знайшлі нейкія допісы, карцінкі — але банкаўскіх пацьверджаньняў не было! Таму казаць аб правасудзьдзі ў Беларусі не выпадае. Усё будуецца на меркаваньнях, здагадках, на чымсьці яшчэ — але не на доказах. Тое, што яны ня маюць беспасярэдніх доказаў, іх не засмучае. З майго боку прызнаньня віны не было. Я нават рада, што мне не давялося пераступаць церазь сябе, пісаць „памілоўку“. А што я там напішу? Я ж віны не прызнаю! А тут я нібыта пагаджаюся, што я сякая-такая… Мая існасьць з гэтым ня можа пагадзіцца.
І таму, калі ўжо адбылося вызваленьне, я падумала, што Бог мяне пачуў і не дазволіў агаварыць сябе», — прызнаецца Галіна.
Потым быў месяц у СІЗА жодзінскай турмы, дзе таксама былі затрыманыя з палітычных матываў. Пасьля Жодзіна — «Валадарка».
«І ў Жодзіне, і на „Валадарцы“ сядзяць прыстойныя людзі. Нават махляры вельмі прыстойныя — была маладая дзяўчына, якую ўзялі ў фірму на выпрабавальны тэрмін. Яна раздумвала, заставацца альбо не, а яе затрымалі паводле эканамічнага артыкулу. Шэфы яе махляры, а не яна! Палову людзей проста бяруць у палон. Калі сустракаеш палітычных у СІЗА, у турме і дазнаесься, за што чалавека ўзялі, валасы на галаве варушацца, думаеш: Божухна, сьвет перакуліўся — хапаюць за ўсё запар, як кажуць, за кожны чых», — успамінае Галіна Красьнянская.
Непрызнаньне віны
З 4 па 12 студзеня беларуску з швэдзкім пашпартам судзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу — за «фінансаваньне ўзброенага фармаваньня ва Ўкраіне». Старшынявала на працэсе судзьдзя Алена Ананіч.
«На судзе пракурор зачытаў нібыта сьведчаньні пяцёх прадстаўнікоў беларускай суполкі ў Швэцыі. Ніводзін зь іх не сказаў, што мяне ведае! Што значыць зьбіраць грошы ў Швэцыі? Там ніхто нічога не зьбірае. Прывялі ў якасьці доказу прыклад маёй размовы зь дзяўчынай з Украіны, якая напісала, што яны зьбіраюць на дроны. А гэта прыпісалі мне! Абсурд!» — апавядае пра свае ўражаньні ад суду спадарыня Галіна.
Галіна Красьнянская
Прысуд — 5 гадоў пазбаўленьня волі — Галіна ўспрыняла спакойна. Яна кажа, што гэта ня самая страшная лічба, а мінімум у яе артыкуле. Падала апэляцыю ў Вярхоўны суд.
«Я віны не прызнала. Калі б прызнала віну — атрымала б ня пяць, а восем гадоў! І яшчэ адзін важны момант: я ў Беларусі не ўчыняла ніякага злачынства! Я перад Беларусьсю чыстая — ніякіх дзеяньняў крымінальнага характару я не ўчыняла. Толькі таму, што я не прызнала нічога, я атрымала пяць гадоў. Некалі я працавала з жанчынай, у якой муж быў міліцыянтам. Ён казаў, што „ўсё дазнаньне грунтуецца на прызнаньні“. То бок, не было доказаў ані з банку Швэцыі, ані з банку з Украіны. Сьведкаў маіх дзеяньняў няма. Вось такое ў Беларусі правасудзьдзе!» — эмацыйна апавядае Галіна пра суд і прысуд.
Яна падазрае, што беларускія сілавікі проста ўзяліся за беларусаў замежжа, за прадстаўнікоў дыяспары.
Адно бідэ на 100 жанчын
Адзін год і адзін месяц Галіна адседзела ў гомельскай жаночай калёніі № 4. Яна як пэнсіянэрка трапіла ў катэгорыю так званых «дамашніх», то бок не хадзіла працаваць на фабрыку. У першым атрадзе, дзе апынулася Галіна, былі вельмі добрыя, спагадлівыя палітычныя. Параілі ёй, як выжыць у турме з «экстрэмісцкім прафіляктычным улікам», як дзейнічаць: спачатку да яе не даходзілі лісты, бо ўсе сваякі жывуць за мяжой.
Асобныя рэчы зьдзівлі беларуску, якая больш за 20 гадоў жыве ў Швэцыі.
«У гомельскай калёніі вельмі вялікія атрады — па 100 чалавек, але „рыльна-мыльная“ культура — жах! Адно бідэ на 100 жанчын — і гэта ў ХХІ стагодзьдзі. Вы сьпіце на другім паверсе — прыбіральня на першым. Унітазы адзін насупраць другога, але гэта ж інтымная рэч! Усё навідавоку ўва ўсіх. Чалавек ня можа пабыць адзін. Вочка відэакамэры накіраванае на прыбіральню. Там бы дзьверкі павесіць замест яе», — абураецца Галіна.
Гомельская жаночая калёнія, куды трапіла Галіна Красьнянская. Архіўнае фота
У менскім СІЗА № 1 была самая нясмачная ежа з усіх чатырох установаў, дзе яна пабывала, узгадвае Галіна. У гомельскай калёніі з прыходам новага начальніка Таўсьцянкова карміць сталі лепш. А ў «Амэрыканцы» кармілі добра, лічыць Галіна.
«На сьняданак кашы. На абед — не паверыце — вельмі смачныя супы: расольнік, боршч. У СІЗА КДБ на вячэру кожны дзень бульба ў мундзірах і селядзец. Раз на тыдзень малочны суп. У „Амэрыканцы“ ўва ўсіх шмат ежы зь перадачаў сваякоў — у нас быў „абшчак“: дзяўчаты гатавалі салаты, бутэрброды, усякую смакату.
На Валадарцы макарона заўсёды перавараная, была адна жахлівая страва з рыбы, мы называлі яе „магіла“. Але дзяўчаты рабілі вельмі смачныя торты з каржоў з турэмнай крамы. Як мне хацелася яечні — не перадаць! Яйкі вараныя даюць, а я яечню хачу!» — апавядае Галіна.
У цэлым беларуска, якая больш за 20 гадоў жыве ў Швэцыі, была шакаваная ўстановамі пэнітэнцыярнай сыстэмы радзімы. І цяпер у якасьці экскурсанткі хоча наведаць жаночую турму ў Швэцыі, каб параўнаць умовы ўтрыманьня вязьняў.
«Мне здалося, што я трапіла на 70 гадоў назад. У СІЗА КДБ — жалезныя ложкі, усё замшэла-старажытнае. І людзі, якія працуюць у гэтай сыстэме, вельмі далёкія ад прагрэсу, яны жывуць яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. У большасьці пэрсаналу — прага ўлады, жаданьне прынізіць, напружыць. Ёсьць людзі, якія са скуры лезуць, каб знайсьці парушэньне, як тыя аўчаркі, выконваюць каманду „фас“, настроеныя на правакацыі. Але зрэдку сустракаюцца і спагадлівыя, добрыя супрацоўнікі», — кажа жанчына.
Больш за ўсё ў гомельскай калёніі Галіну ўразілі жоўтыя біркі ў «палітычных» — усе яны былі прызнаныя «экстрэмістамі». Астатнія вязьні былі зь белымі біркамі.
«Гэта адразу наводзіць на асацыяцыю з „зоркай Давіда“ — я лічу, гэта блюзьнерства. Бо пастаянна нас дзяўбуць Вялікай Айчыннай, пастаянна галосяць пра яе, а дзейнічаюць як у канцлягерах — вешаюць на зьняволеных жоўтыя біркі!» — абураецца Галіна.
«Мяне проста ўзялі ў палон»
21 чэрвеня Галіну Красьнянскую і яшчэ 13 палітзьняволеных вызвалілі з турмаў Беларусі і прывезьлі ў Літву. Гэта адбылося пасьля сустрэчы Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам ЗША для Ўкраіны генэралам Кітам Келагам. Галіна кажа пра сваю тагачасную перакананасьць у тым, што пяць гадоў яна ня будзе сядзець.
«Я чалавек аптымістычна настроены, верыла, што гэта вечна працягвацца ня можа. Мяне проста ўзялі ў палон. Я свайму апэрытыўнаму супрацоўніку так і казала, што я ў палоне. Ён пастаянна запытваўся, ці надумала я пісаць прашэньне аб памілаваньні, а я казала: „Чаму я павінна штосьці пісаць, калі мяне ўзялі ў палон?“ У мяне такое ўражаньне, што ён бярэ палітычных у палон, каб потым штосьці вытаргоўваць», — мяркуе Галіна Красьнянская.
Галіна Красьнянская
Але вызваленьне для яе стала цалкам нечаканым. Галіна прызнаецца, што нічога не прадчувала.
«Літаральна за дзень да майго вызваленьня мы з адной „палітычнай калегай“ абмяркоўвалі, што ўжо чэрвень 2025-га, а мы сядзім. Тая пажартавала: маўляў, нічога, „большая кампэнсацыя будзе за несправядлівую пасадку“. Пасьмяяліся разам. І яшчэ адзін цікавы момант я заўважыла — перад нейкімі падзеямі кшталту памілаваньня ў мясцовай тэлевізіі калёніі паказваюць прапагандысцкія фільмы, і ў чацьвер таксама штосьці такое паказалі.
У пятніцу прыходзіць афіцэр, якога я недалюблівала (бо празь яго атрымала першае спагнаньне). „Зьбірайце рэчы“, — кажа. Бачу — Натальля Дуліна таксама чакае. Мы ў неўразуменьні поўным», — апавядае Галіна пра апошні дзень у калёніі.
Мяхі на галовах
Жанчыны чакалі гадзіны тры, па іх прыехаў бусік, надзелі кайданкі на рукі і мяхі на галовы. Ехалі даволі доўга. Зноў чакалі гадзіны дзьве ў бусіку.
«У мяхах і кайданках нас прывялі ў памяшканьне. Я адразу зразумела, што гэта КДБ. Усе супрацоўнікі ў балаклавах, але я іх пазнала: і Мікітоса, і маладога рудога (супрацоўнікаў КДБ, зь якімі Галіна сустракалася раней — РС). Завялі нас з Наташай ў добра знаёмы мне „мяккі пакой“, а потым разьвялі па розных камэрах. Я трапіла ў камэру да дзьвюх палітычных. То бок адных выпускаюць, а яшчэ больш забіраюць.
Раніцай нам зноў надзелі мяхі на галовы, кайданкі на рукі, пасадзілі ў бусік. Паехалі. Вырадак у балаклаве крычыць: „Галовы ўніз!“ Спыніліся. Высадзілі нас і ўчынілі пераклічку. Чую прозьвішча: Ціханоўскі. Думаю — ого! Перасадзілі нас ужо ў амэрыканскі бусік. І кажуць: „Вы вольныя, едзем у амэрыканскую амбасаду ў Вільні — амэрыканскі ўрад вас вызваліў“», — апавядае Галіна.
На мяжы нейкі час затрымаліся — беларусам рабілі візы. Красьнянскай вярнулі два пашпарты — беларускі і швэдзкі. Але ніякіх іншых дакумэнтаў, папераў не аддалі.
«Не далі даведку аб вызваленьні. Не аддалі пастанову суду, мае сшыткі з запісамі. Я займалася нэўраграфікай — усе карцінкі забралі, кнігі аб маляваньні, лісты ад мужа, сыноў. Вярнулі толькі пашпарты. На наступны дзень я вылецела зь Вільні ў Швэцыю. Мне пашанцавала, што мяне вывезьлі зь Беларусі. У мяне ў Швэцыі дом, сям’я, а ў іншых цяпер няма дому. Натальлі Дулінай вельмі цяжка… Але добра, што ўсё скончылася. Уся мая сям’я шчасьлівая, сёлета зноў зьбяромся на Новы год разам, будзем на лыжах катацца. А то спачатку нашай традыцыі перашкодзіў ковід, потым мая турма. Але будзем тую добрую традыцыю аднаўляць», — цешыцца жанчына.
Галіна прызнаецца, што пастаянна думае, для чаго ёй быў дадзены сумны досьвед зьняволеньня.
«Здавалася б, я ўжо не маладая жанчына, шмат у жыцьці бачыла. Мне з гэтым цяпер жыць. Але для чагосьці мне трэба было ў турму трапіць, для чагосьці гэты досьвед даецца…» — разважае яна.