У Літве заклікалі стварыць «дронавую заслону» пасьля залёту расейскага бесьпілётніка зь Беларусі

Дрон з гербамі Ўкраіны і Літвы, архіўнае фота

Эўракамісар у справах абароны і космасу Андрус Кубілюс заявіў пра неабходнасьць тэрміновага ўмацаваньня абароны ўсходняй мяжы рэгіёну з дапамогай так званай «дронавай заслоны».

«Гэта паказвае, што магчымасьць пранікненьня такога дрона на тэрыторыю Літвы існуе. Ці гатовая Літва абараняцца ад такіх дронаў, ці ёсьць у яе дастатковыя магчымасьці — пытаньне застаецца без адказу», — сказаў Кубілюс у праграме «Тэма дня» на літоўскім тэлеканале LRT 15 ліпеня.

Ён падкрэсьліў, што неабходна стварыць агульнанацыянальны і рэгіянальны плян абароны, які прадугледзіць ня толькі фізычныя перашкоды на мяжы, але і сыстэмы назіраньня і барацьбы з дронамі.

Праект «дронавай заслоны» быў анансаваны яшчэ ў траўні 2024 году тагачаснай міністаркай унутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Паводле задумы, дзяржавы рэгіёну выкарыстоўвалі б свае бесьпілётнікі для назіраньня за мяжой, і стварылі б сыстэму, якая б не прапускала чужыя дроны.

Аднак у сакавіку 2025 году Эўрапейская камісія адхіліла заяўку Эстоніі і Літвы на фінансаваньне гэтага праекту. Літва ўдзельнічала ў ім у якасьці партнэра, — пісала LRT.

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы і Служба аховы дзяржаўнай мяжы заявілі, што самастойна працуюць у гэтым кірунку. Аднак пакуль гаворка ідзе толькі пра ўмацаваньне нацыянальнай мяжы, а не пра рэгіянальны агульны праект.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літву зь Беларусі ўляцеў самаробны дрон, сьпікера Сейму адвялі ў сховішча

11 ліпеня самаробны расейскі дрон прыляцеў з тэрыторыі Беларусі і праз тры хвіліны ўпаў на літоўскай тэрыторыі. Сьпярша яго прынялі за ўдарны БПЛА «Шахед», пазьней заявілі, што гэта «самаробны самалёцік», але ў выніку аказалася, што гэта «Гербера» — танны расейскі дрон, зроблены з фанэры і пены, які выкарыстоўваецца Расеяй супраць Украіны для масаваных нападаў і перагрузкі сыстэм супрацьпаветранай абароны.

Андрус Кубілюс — прадстаўнік Літвы ў Эўракамісіі, былы прэмʼер-міністар і старшыня Сэйма. Ён актыўна выступае за ўмацаваньне абароны ўсходніх межаў ЭЗ і падвышэньне здольнасьці да хуткага рэагаваньня на новыя выклікі. Ён таксама пасьлядоўна падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, бачыць у рэжыме Лукашэнкі крыніцу доўгатэрміновай пагрозы і падкрэсьлівае супольную гістарычную спадчыну беларусаў і літоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паведамілі, што беларускі верталёт Мі-24 зьбіў расейскі дрон, які ляцеў на ўкраінскую тэрыторыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэм’ер Літвы пра «літвінізм», спэцслужбы і спробы пасварыць беларусаў і літоўцаў