«Грузію можна параўнаць зь Беларусьсю 1994-1995 гадоў». Праваабаронца пра тое, ці бясьпечна беларусам у Грузіі

Раман Кісьляк у Тбілісі. 23 траўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Ці дэпартуюць беларускага праваабаронцу з Грузіі?

Беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку пагражае дэпартацыя з Грузіі. Паводле яго, у Грузіі знаходзяцца больш за 14 тысяч беларусаў, якія прыехалі ў краіну пасьля падзей 2020 году. У жывым эфіры Свабоды Ганна Соўсь пагаварыла з праваабаронцам Раманам Кісьляком пра тое, чаму беларусам адмаўляюць у прытулку ў Грузіі, і наколькі гэтая краіна цяпер бясьпечная для беларусаў.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Цяпер час адпачынкаў, і многія беларусы едуць зь Беларусі адпачыць у Грузіі, а вымушаныя эмігранты купляюць квіткі ў Грузію з эўрапейскіх краінаў, каб сустрэцца зь сем'ямі. Паводле вашай экспэртызы, зь якімі праблемамі могуць сутыкнуцца беларусы пры ўезьдзе ў Грузію? Якое стаўленьне да беларусаў?

— Кароткатэрміновы прыезд — гэта пакуль даволі бясьпечна. Адзінае, што можа здарыцца — кагосьці могуць не пусьціць, але, як правіла, гэта адбываецца з тымі, хто якраз тут жыў. Не пускаюць актывістаў, якія былі неяк заўважаныя, або палітычных актывістаў. Напрыклад, Андрэй Мялешка, Яўген Гацак... Мы ж тут жылі. Таму гэта скіравана на тое, каб актыўна выціснуць дыяспару, каб не было моцнай дыяспары. У мяне такое адчуваньне. Таму што мы актыўныя, мы дапамагаем адзін аднаму — і ў культурнай сфэры, і ў пытаньнях салідарнасьці, і ў праваабарончай сфэры. А ўлады, выглядае, гэтага ня хочуць. Але тыя, хто прыяжджаюць кароткачасова, на адпачынак — калі ласка.

Грузіны вельмі дабрадушныя і вельмі добра ставяцца і да беларусаў. Зразумела, што на курорце ёсьць свае нюансы, так, бывае, што і цэны могуць «завісаць», і іншае. Але гэта заўсёды такія курортныя моманты. Адносіны добрыя да беларусаў. Зразумела, бывае, што злачынствы зьдзяйсьняюць і беларусы, здараюцца злачынствы і ў дачыненьні да беларусаў. Бываюць і крадзяжы, і рабаваньні. Але яны рэдкія. Мы, як дыяспара, сочым за гэтым і назіраем, як працуе паліцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінскі апэляцыйны суд адмовіў беларускаму праваабаронцу Кісьляку ў прытулку. Яму пагражае дэпартацыя

Я вось прыехаў у Тбілісі менавіта з прычыны пытаньняў, зьвязаных з міграцыяй, з атрыманьнем прытулку, але і іншымі справамі займаемся. Калі нешта не атрымліваецца зрабіць у Батумі, у Аджарыі, мы зьвяртаемся ў Тбілісі ў цэнтральныя органы ўлады — у тое ці іншае міністэрства: аховы здароўя, ці Міністэрства ўнутраных спраў, каб узьняць тое ці іншае пытаньне. На ўзроўні спэцыялістаў тут вельмі добра рэагуюць, паліцыя таксама сочыць і рэагуе. Калі мы бачым, што нешта, здаецца, цягнецца або ідзе ня так, як трэба, мы зьвяртаемся ўжо на ўзроўні цэнтральнага апарата МУС, і тады працэс ідзе нармальна.

Я назіраю за Грузіяй, і ў мяне бывае, быццам свайго роду шызафрэнія. З аднаго боку — тут ёсьць працэдуры, усё працуе, як на Захадзе: прыяжджаюць патрульныя паліцэйскія, і ўсё ідзе паводле пратаколу. Калі я праводжу пікет — а я магу праводзіць пікеты — толькі адзін раз мне забаранілі і папрасілі сысьці ад будынка МУС. А так у асноўным праводзіцца, і яны прыяжджаюць, кажуць: «Ці можна вас сфатаграфаваць?» Зь іншага боку, я на акцыях назіраў, калі ніяк не пазначаныя паліцыянты ў чорным могуць рабіць што заўгодна.

Цяпер Грузію можна параўнаць з Беларусьсю дзевяноста пятага-дзевяноста чацьвёртага года. Вось такая яна цяпер — на ростанях. І яшчэ няма такога жорсткага заканадаўства. Штосьці пераймаецца з Расеі, нейкія рэчы, магчыма, з Беларусі. Але так, як гэта было ў Беларусі ўжо ў дзевяноста сёмым, восьмым, дзевяноста дзявятым, або ўжо ў дваццатым-дваццаць першым — такога ў Грузіі няма. Ёсьць, праўда, цяпер палітычныя зьняволеныя, уводзяць новыя законы, якіх у нас не было. Напрыклад, забарона на фатаграфаваньне ў будынку суда і на тэрыторыі каля яго. Мы з гэтым сутыкнуліся. Гэта такая навінка, у нас такога не было — у нас проста затрымліваюць і не даюць нічога рабіць — міліцыя ці спэцназ. А ў іх гэта ўвялі на ўзроўні закона, каб, калі адбываюцца нейкія канфлікты (грузіны вельмі эмацыйныя), каб не было такіх кадраў. Грузія, на жаль, ідзе ў такім напрамку, які асабіста мне не падабаецца.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.