Як сьцьвярджае начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валеры Равенка ў артыкуле, апублікаваным у газэце «Во славу Родины», рэальная прычына выхаду з канвэнцыі — нібыта жаданьне кіраўніцтва гэтых дзяржаваў «бесьперапынна пераконваць сваіх выбарнікаў у росьце выдуманай ваеннай пагрозы з боку саюзнай дзяржавы».
«Даводзіцца дэманстраваць крайнюю заклапочанасьць нацыянальнай бясьпекай і актыўнае супрацьдзеяньне „пагрозе з Усходу“, нястомна задавальняць усё большыя апэтыты вайсковай машыны на шкоду іншым артыкулам выдаткаў бюджэту. Непазьбежным стала і зьяўленьне кола асобаў, якія разьлічваюць на хуткі прыбытак ад мілітарызацыі і лябіююць паскоранае стварэньне вайсковых вытворчасьцяў», — напісаў Валеры Равенка.
Паводле яго, стварэньне вытворчасьцяў супрацьпяхотных мінаў у Латвіі, Літве, Польшчы і Фінляндыі будзе спрыяць росту попыту на іх у іншых дзяржавах, найперш тых, якія маюць «вельмі сьціплыя» магчымасьці для належнага захаваньня і кантролю за выкарыстаньнем такіх мінаў.
«Рашэньне аб выхадзе з Атаўскай канвэнцыі, ухваленае шэрагам дзяржаваў NATO і Ўкраінай, будзе мець шэраг доўгатэрміновых нэгатыўных наступстваў як для саміх гэтых краін, так і для ўсёй усясьветнай супольнасьці. Яно створыць новыя выклікі для і без таго аслабленай сыстэмы міжнароднай бясьпекі», — заяўляе прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі.
Валеры Равенка таксама дадаў, што гэтыя краіны па-ранейшаму застаюцца ўдзельнікамі Пратаколу II зь зьменамі да Канвэнцыі аб забароне ці абмежаваньні канкрэтных відаў звычайнага ўзбраеньня, які вызначае дастаткова складаныя патрабаваньні, у тым ліку і да вытворчасьці і выкарыстаньня супрацьпяхотных мінаў.
Паводле яго, пакуль што з краін, якія выйшлі з Атаўскай канвэнцыі, толькі Ўкраіна замінавала памежную зь Беларусьсю тэрыторыю.
«Рашэньне выйсьці з Атаўскай канвэнцыі падкрэсьлівае намер украінскага кіраўніцтва працягваць гэтую практыку, што дадасьць праблемаў з разьмінаваньнем у будучыні і зь вялікай доляй імавернасьці прывядзе да новых ахвяраў сярод мірнага насельніцтва», — перакананы прадстаўнік Мінісэрства абароны Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва і Эстонія паведамілі ААН пра выхад з дамовы аб забароне супрацьпяхотных мінСёлета вясной Літва, Латвія, Эстонія, Польшча і Фінляндыя заявілі аб выхадзе з Атаўскай канвэнцыі, Літва і Латвія ўжо паінфармавалі ААН аб гэтым сваім кроку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі падпісаў указ аб выхадзе Ўкраіны з канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мін