Ва Ўкраіне паведамілі, што беларускі верталёт Мі-24 зьбіў расейскі дрон, які ляцеў на ўкраінскую тэрыторыю

Расейския дроны тыпу «Гербера», якімі атакуюць Украіну. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што 12 ліпеня верталёт Мі-24 Паветраных сілаў Беларусі атакаваў і зьнішчыў расейскі ўдарны дрон тыпу «Гербера», які ляцеў у кірунку Ўкраіны.

Як паведаміла ўкраінскае выданьне hromadske.ua з спасылкай на крыніцу ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, у той момант у паветранай прасторы Беларусі знаходзіліся прынамсі тры расейскія бесьпілётнікі.

«Верталёт беларускіх СПА ў часе выкананьня заданьня кантролю паветранай прасторы адрапартаваў аб выяўленьні і зьнішчэньні ўдарнага дрону», — сказана ў паведамленьні.

Аскепкі зьбітага дрону нібыта ўпалі на тэрыторыі Гомельскай вобласьці.

Згодна з інфармацыяй украінскага маніторынгавага праекту «Ринда моніторить», 12 ліпеня на горад Оўруч Жытомірскай вобласьці з тэрыторыі Беларусі ляцелі сама меней 2 расейскія дроны, яшчэ адзін — на Сарны Ровенскай вобласьці і адзін дрон пасьля ўзьдзеяньня на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы вярнуўся на беларускую тэрыторыю ў раёне Брагіна Гомельскай вобласьці.

У Беларусі не паведамляюць аб такіх інцыдэнтах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея запусьціла па Ўкраіне амаль паўтысячы дронаў і дзясяткі ракет. Сама меней тры БПЛА заляцелі ў Беларусь


  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.