Эўразьвяз спадзяецца на гандлёвае пагадненьне з ЗША, нягледзячы на ўльтыматум Трампа

Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен

Вашынгтон пагражае новымі мытамі ў 30% на тавары з Эўразьвязу з 1 жніўня.

У Брусэлі стрымана адрэагавалі на анансаванае Трампам мыта ў 30% на тавары з Эўразьвязу.

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што Эўразьвяз працягне ўстрымлівацца ад захадаў у адказ на амэрыканскія мыты на сталь і алюміній, спадзеючыся дасягнуць гандлёвага пагадненьня з Вашынгтонам да 1 жніўня.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паставіў пад пагрозу вынікі шматмесячных напружаных перамоваў аб гандлёвай дамове, заявіўшы, што тавары з Эўразьвязу будуць абкладацца 30-адсоткавымі мытамі, калі да 1 жніўня ня ўдасца дамовіцца.

«Злучаныя Штаты накіравалі нам ліст зь пералікам захадаў, якія набудуць моц, калі ня будзе знойдзена перамоўнае рашэньне. Таму мы таксама працягнем прыпыненьне нашых захадаў у адказ да пачатку жніўня», — сказала фон дэр Ляен журналістам. Але падкрэсьліла, што ЭЗ працягне рыхтавацца да ўводу мытаў у адказ.

Цяперашняе замарожваньне захадаў ЭЗ у адказ мела скончыцца на мінулым тыдні. Брусэль падрыхтаваў мыты на амэрыканскія тавары на суму каля 21 мільярда эўра ў адказ на ўведзеныя раней мыты ЗША на мэталы. Аднак у красавіку вырашылі часова ўстрымацца ад гэтых захадаў, каб дасягнуць шырэйшага гандлёвага пагадненьня.

Міністры гандлю краін ЭЗ зьбяруцца ў панядзелак 14 ліпеня ў Брусэлі, каб абмеркаваць адказ на дзеяньні ЗША і вызначыць, наколькі жорсткай мае быць пазыцыя стасоўна Вашынгтону.

Міністар фінансаў Нямеччыны Лярс Клінгбайль у нядзелю адзначыў, што «па-ранейшаму неабходныя сур’ёзныя і арыентаваныя на рашэньне перамовы з ЗША», але папярэдзіў: калі яны праваляцца, ЭЗ давядзецца «прыняць рашучыя захады для абароны працоўных месцаў і бізнэсу ў Эўропе». «Наша рука застаецца працягнутай, але мы ня прымем абы-чаго», — сказаў ён у інтэрвію газэце Süddeutsche Zeitung.

Францускі прэзыдэнт Эманюэль Макрон у суботу заклікаў Эўракамісію «рашуча абараняць інтарэсы Эўропы».

Раней меркавалася, што тарыфы ЗША на імпарт з ЭЗ вырастуць з 10% да 30% ужо 9 ліпеня, аднак Трамп адклаў павышэньне да 1 жніўня. У апублікаваным у суботу лісьце ён абгрунтаваў сваё рашэньне дысбалянсам у гандлі паміж ЗША і ЭЗ.


Пазыцыя Трампа

Пра тое, што Вашынгтон увядзе мытныя зборы ў 30% на тавары з Эўразьвязу і Мэксыкі з 1 жніўня, у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial паведаміў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

«Ад 1 жніўня мы будзем спаганяць з Эўрапейскага Зьвязу мыта ўсяго толькі ў 30% на прадукцыю ЭЗ, якая пастаўляецца ў ЗША, асобна ад сэктаральных тарыфаў», — напісаў Трамп у лісьце на імя кіраўніцы Эўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен. Гэты ліст прэзыдэнт ЗША апублікаваў на сваёй старонцы ў TruthSocial.

У той жа час прэзыдэнт ЗША ня выключыў магчымасьці працягнуць перамовы з Эўразьвязам. Трамп патрабуе ад Эўразьвязу цалкам адкрыць рынкі для амэрыканскіх тавараў і скасаваць для іх эўрапейскія мыты. Урзуля фон дэр Ляен назвала такія крокі «шкоднымі для абодвух бакоў» і папярэдзіла пра магчымыя меры ў адказ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп абвясьціў пра мыта ў 30% на тавары з Эўразьвязу