Грузінскі апэляцыйны суд адмовіў беларускаму праваабаронцу Кісьляку ў прытулку. Яму пагражае дэпартацыя

Раман Кісьляк на пікеце каля МУС Грузіі, 23 траўня 2025

Апэляцыйны суд Тбілісі адмяніў папярэднюю пастанову гарадзкога суду Тбілісі, які раней не пагадзіўся з рашэньнем Дэпартамэнта міграцыі Грузіі аб адмове ў прадстаўленьні міжнароднай абароны беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку.

Рашэньне Дэпартамэнту міграцыі адносна Кісьляка пацьверджанае, яму пагражае дэпартацыя.

Разгляд скаргі Рамана Кісьляка ў апэляцыйным судзе Тбілісі завяршыўся 11 ліпеня. Беларускаму праваабаронцу належыць цягам 30 дзён зьехаць з Грузіі, інакш яму пагражае прымусовая дэпартацыя з краіны.

«Успрымаю гэтае рашэньне як адмову мне ў правасудзьдзі. Мяркую, ёсьць палітычна матываваны загад адносна ўсіх беларусаў, якія просяць прытулку ў Грузіі з палітычных прычын. Буду гэтае рашэньне абскарджваць у міжнародных інстанцыях», — сказаў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк.

Паводле грузінскіх законаў у Рамана Кісьляка ёсьць 30 дзён на тое, каб знайсьці прававое абгрунтаваньне для далейшага знаходжаньня ў Грузіі.

«Такім абгрунтаваньнем можа быць рэгістрацыя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека і вынясеньне ім часовых захадаў абароны, каб мяне не дэпартавалі. У маім працэсе было шмат парушэньняў, мы з адвакатам нават ня ведаем, на якім пункце артыкулу закону заснавана рашэньне аб адмове мне ў прытулку. Сказана толькі, што нібыта я ўяўляю „пагрозу нацыянальнай бясьпецы“ Грузіі, без тлумачэньняў. Таму бачым магчымым зьвяргацца з заявай і адтэрмінаваць дэпартацыю. Тым больш мне няма куды вяртацца — пакуль я жыў у Грузіі, у мяне скончыўся пашпарт Беларусі», — распавёў Раман Кісьляк.

Праваабаронца згадаў, што на паседжаньні апэляцыйнага суду паказваў фатаздымкі былога палітвязьня Сяргея Ціханоўскага до ягонага арышту ў траўні 2020 годзе і пасьля ягонага вызваленьня ў чэрвені 2025 году.

«Судзьдзя паківаў галавой і сказаў, што ведае пра гэткае абыходжаньне з палітвязьнямі ў Беларусі. Між тым у рашэньні па маёй справе грузінскі суд запісаў, што мне «катаваньні не пагражаюць».

Паводле зьвестак Рамана Кісьляка ў Грузіі знаходзяцца больш за 14 тысяч беларусаў, якія прыехалі ў краіну пасьля падзей 2020 году.

«Ведаю, што больш за 80 чалавек просяць палітычнага прытулку і зь іх ужо больш як 60 адмоўлена. Пасьля леташніх выбараў беларусам у прытулку адмаўляюць, прычым у паскораным парадку», — заўважыў Раман Кісьляк.

Праваабаронца з Берасьця Раман Кісьляк зьехаў зь Беларусі ў ліпені 2021 году, асьерагаючыся рэпрэсій.

У Грузіі Раман Кісьляк працягвае праваабарончую дзейнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Кісьляк просіць распачаць крымінальную справу за адмовы ў прытулку беларусам у Грузіі