Падпісана пагадненьне аб стварэньні першага музэю Галакосту ў Беларусі. Беларускі музэй Галакосту і супраціву будзе разьмешчаны ў Наваградку, дзе падчас нацысцкай акупацыі былі забітыя 11 000 габрэяў, піша выданьне Jewish News.
Пагадненьне 10 ліпеня 2025 году падпісалі Юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускі фонд міру і Наваградзкі раённы выканаўчы камітэт.
Сяргей Чаркоўскі, старшыня Наваградзкага райвыканкама, Артур Ліўшыц, старшыня Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі, Максім Місько, старшыня Беларускага фонд міру пасьля падпісаньня дамовы аб музэі Галакоста. Наваградак, 10 ліпеня 2025
У Наваградку адбыўся надзвычайны акт габрэйскага супраціву. 26 верасьня 1943 году 250 вязьняў зьдзейсьнілі найбольш маштабныя ў акупаванай нацыстамі Эўропе задакумэнтаваныя ўцёкі з гета, таемна выкапаўшы за пяць месяцаў 250-мэтровы тунэль.
Многія ўцекачы далучыліся да партызанскага атраду Тувіі Бельскага, адзінага цалкам габрэйскага партызанскага атраду ў Беларусі, які вёў зь ляснога лягеру ў Налібацкай пушчы барацьбу з нацыстамі і выратаваў больш за 1200 габрэяў.
Дэбра Брунэр, сузаснавальніца дабрачыннай арганізацыі The Together Plan, сказала Jewish News з гэтай нагоды:
«Гісторыя партызанаў Бельскага, увечненая ў фільме „Выклік“, — гэта гісторыя ня проста супраціву, а выратаваньня, трываласьці й супольнасьці».
Яна дадала, што музэй будзе «ўшаноўваць ня толькі памяць ахвяраў, але таксама адвагу і чалавечнасьць тых, хто змагаўся, часта маючы толькі волю выжыць і абараніць іншых».
Артур Ліўшыц, які ўзначальвае Юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне ў Беларусі, сказаў:
«Гэта ня проста музэй — гэта адданасьць праўдзе, асьвеце і міру. Памятаючы нашу мінуўшчыну, мы закладваем грунт для больш талерантнай і справядлівай будучыні».
Вядома, што музэй будуць ствараць на тэрыторыі былога габрэйскага гета ў Наваградку побач зь цяперашнім Музэем габрэйскага супраціву ў гістарычных будынках. Пра час адкрыцьця пакуль не гавораць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцякалі ад сьмерці ў Налібацкую пушчу. Іх нашчадкі вярнуліся туды праз 75 гадоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пытаньняў і адказаў пра яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх