«Штучны інтэлект за тры хвіліны напісаў код, які я пісаў бы тры месяцы». Як ШІ зьмяняе рынак працы ў Беларусі

Цэнтар занятасьці насельніцтва ў Гомлі, ілюстрацыйнае фота

За год колькасьць вакансіяў для адмыслоўцаў у штучным інтэлекце расьце ўдвая. Як нэўронныя сеткі зьмяняюць рынак працы, ці заменяць яны чалавека і якія спэцыялісты ўжо бязь іх ня могуць? Разьбіраемся.

Нэўронныя сеткі шчыльна ўвайшлі ў жыцьцё людзей. Зь іх дапамогай робяць відэа, ствараюць карціны, пішуць коды, складаюць табліцы і прадказваюць будучыню. Для гэтага выкарыстоўваюць промпт — беспасярэдні тэкставы запыт да нэўрасеткі з канкрэтнай задачай. Так, напрыклад, ChatGPT можа шукаць інфармацыю, даваць падказкі, пісаць код, а Runway рабіць кінэматаграфічныя відэа.

Зьявіўся нават шэраг спэцыяльнасьцяў выключна для спэцыялістаў у штучным інтэлекце (ШІ). Гэта машыннае навучаньне (каб разьвіваць нэўрасеткі), генэрацыя выяваў і відэа, стварэньне онлайн-робатаў для апрацаваньня заявак і шмат чаго іншага. Ці штучны інтэлект кардынальна зьменіць рынак працы ў будучыні? Распыталі пра гэта эканамістаў, а таксама спэцыялістаў з розных сфэраў.

Больш вакансіяў для адмыслоўцаў у нэўрасетках

Згодна з статыстыкай сэрвісу rabota.by, толькі за першыя тры месяцы сёлета на партале зьявіліся 802 вакансіі для спэцыялістаў, якія могуць выкарыстоўваць у працы штучны інтэлект. Летась за ўвесь год такіх вакансіяў было 2286, а пазалетась 1248. То бок за год іх стала болей амаль удвая.

48,6% гэтых вакансіяў — праца, зьвязаная з ІТ. Аднак людзі, якія на «ты» з нэўрасеткамі, патрэбныя і ў іншых сфэрах. Вось што кажа статыстыка пра астатнія вакансіі, дзе трэба валодаць штучным інтэлектам:

  • Спэцыялісты ў маркетынгу, рэкляме і PR — 37,3%
  • Спэцыялісты ў будаўніцтве і нерухомасьці — 18,7%
  • Мастацтва, забавы, мас-мэдыя — 16,2%
  • Продажы, абслугоўваньне кліентаў — 8,3%

Свабода праглядзела некалькі дзясяткаў вакансіяў, зьвязаных з штучным інтэлектам. Значная частка зь іх — вакансіі для AI Engineer: гэта спэцыялісты, якія займаюцца навучаньнем нэўрасетак і ўдасканальваньнем іх працы.

Ілюстрацыйнае фота

Аднак трапляецца і шмат вакансіяў, не зьвязаных наўпрост з ІТ. Напрыклад, буйны онлайн-гіпэрмаркет E-dostavka шукаў дызайнэра, які будзе ствараць выявы і відэаролікі з дапамогай нэўрасетак. Патрабуюць досьведу ў падобнай працы, візуальнай нагледжанасьці і крэатыўнасьці. Заробак не называецца.

На сайце працадаўцы гэтай вакансіі ўжо няма. Магчыма, кандыдат знайшоўся, хоць яе апублікавалі толькі ў пачатку месяца.

Шукаюць падобных спэцыялістаў і ў турызьме. Адзін з турапэратараў шукаў мэнэджара ўкараненьня штучнага інтэлекту. З апісаньня вакансіі вынікае, што спэцыяліст мусіць наладзіць сыстэму, пры якой нэўрасетка дапамагала б генэраваць апісаньні тураў, стварала б для гэтага ілюстрацыі ды іншае. Вакансія таксама ўжо неактыўная, яе апублікавалі сёлета ў траўні.

Яшчэ адна спэцыяльнасьць, дзе трэба адмыслоўцы ў нэўрасетках, — кантэнт-мэнэджар. Напрыклад, кантэнт-мэнэджару ў галіне падарожжаў абяцаюць ад 800 да 2400 рублёў на месяц. Трэба генэраваць тэкст і выявы, ствараць зьмест з дапамогай ШІ ды іншых праграмаў.

З назіраньня за парталамі для пошуку працы відаць, што вакансіі, зьвязаныя з штучным інтэлектам, але якія не вымагаюць непасрэдна праграмаваньня, хутка закрываюць. Звычайна за месяц ці нават хутчэй. Заробак на такіх пасадах прапануюць ад 2000 рублёў і вышэй, але называюць яго ў апісаньні вакансіі рэдка.

«Без ШІ чалавек ня зможа працаваць з патрэбнай хуткасьцю»

Свабода апытала спэцыялістаў у розных сфэрах, наколькі там запатрабаваны штучны інтэлект і дзе ён ужо замяняе чалавека.

Валоданьне штучным інтэлектам ужо абавязковае для прыёму на працу ў ІТ, расказала Свабодзе супрацоўніца буйной ІТ-кампаніі Натальля (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС).

«Як мінімум на сумоўях пытаюцца, як прэтэндэнт карыстаецца штучным інтэлектам у працы. Калі прэтэндэнт не тэхнічнай спэцыяльнасьці, то могуць спытаць, ці карыстаецца ён штучным інтэлектам або нейкімі інструмэнтамі ў штодзённым жыцьці, а калі так — то як менавіта. Для распрацоўнікаў выкарыстаньне штучнага інтэлекту цяпер абавязковае. Акрамя таго, нават каб прайсьці павышэньне кваліфікацыі, трэба пацьвердзіць навыкі выкарыстаньня штучнага інтэлекту ў межах працоўных абавязкаў. Без ШІ чалавек ня зможа працаваць з патрэбнай хуткасьцю», — апісвае сытуацыю суразмоўца.

Ілюстрацыйнае фота

Паводле спэцыялісткі, у найбліжэйшай будучыні ШІ не заменіць жывых людзей у галіне распрацоўкі, аднак гэта часткова магчыма ў далейшай пэрспэктыве.

«Мы бачым, што частку рутыннай працы ўжо перанесьлі на штучны інтэлект. Згадайце службы падтрымкі банкаў або буйных кампаніяў — там найчасьцей спачатку адказвае робат, які спрабуе закрыць стандартныя, тыповыя запыты. І толькі кліента з складанымі пытаньнямі накіроўваюць да спэцыяліста. Праз 3–5 гадоў вельмі многія прафэсіі, якія не вымагаюць высокай крэатыўнасьці, камунікацыйных навыкаў ці ўменьня прагназаваць ва ўмовах недахопу інфармацыі, цалкам могуць быць замененыя штучным інтэлектам», — гаворыць Натальля.

Распрацоўнік Эдуард, які займаецца непасрэдна праграмаваньнем, кажа, што ШІ значна паскарае працу. А бязь веданьня гэтых інструмэнтаў могуць проста ня ўзяць у кампанію.

«Ёсьць такая нэўрасетка Claude — адна з самых топавых для праграмаваньня. Я напісаў просты промпт, і яна за 3 хвіліны напісала ўвесь код сама. Я пісаў бы гэты код прыкладна тры месяцы. Пакуль што гэта супэрклясны інструмэнт для дапамогі праграмістам», — кажа суразмоўца.

Яшчэ адзін распрацоўнік, кіроўнага ўзроўню, мяркуе, што чалавек яшчэ патрэбны, каб пераправяраць вынік ШІ. Бо чалавек можа лепш ведаць кантэкст і нюансы.

«Галіна яшчэ да канца не зразумела, як менавіта штучны інтэлект яе зьменіць, але што зьменіць — гэта ўжо дакладна. Шмат хто з мэнэджараў зыходзіў з таго, што ШІ зможа цалкам замяніць інжынэраў ужо заўтра або хаця б ператварыць нізкакваліфікаваных спэцыялістаў у высокакваліфікаваных дзякуючы ШІ‑памочніку. Пакуль гэтыя чаканьні, здаецца, не апраўдваюцца — усё яшчэ патрэбны чалавек, здольны крытычна ацэньваць вынікі працы ШІ і карэктаваць іх, і менавіта гэта патрабуе высокай кваліфікацыі», — заўважае суразмоўца.

«Мэнэджар ня можа апрацаваць 100 запытаў, ШІ можа 10 000»

У турызьме ШІ ўжо бярэ на сябе значную колькасьць працы турагентаў, кажа блогер, у мінулым уладальнік турыстычнага бізнэсу ў Беларусі Аляксандар Лібер.

Экспэрт гаворыць, што ШІ добра спраўляецца зь першасным кансультаваньнем кліентаў і зборам дадзеных.

«Калі 7 гадоў таму мы абмяжоўвалі рэклямны трафік, бо мэнэджар фізычна ня мог апрацаваць 100 уваходных запытаў за дзень, то цяпер штучны інтэлект можа прыняць хоць бы і 10 000, перадаючы агенту ўжо гатовых да рэзэрваваньня кліентаў. Часам ён перанакіроўвае іх на самастойнае рэзэрваваньне, калі кліент ня надта кансэрватыўны», — кажа суразмоўца.

Паводле Аляксандра, арыентавацца ў ШІ для тых, хто шукае працу ў турызме зараз, гэта як ведаць офісныя праграмы. Нават калі гэта наўпрост не пазначана ў вакансіі, веданьне ШІ патрэбнае. Аднак шмат у чым нэўрасеткі яшчэ ня могуць замяніць жывых супрацоўнікаў.

Ілюстрацыйнае фота

«Падтрымка на месцы, асабліва ў складаных сытуацыях, апрацоўка пярэчаньняў і вывад на паўторны продаж — гэта задачы для чалавека. Турызм — гэта ня толькі тэхналёгіі, але і эмацыйная сувязь. Турысты часта моцна прывязваюцца да свайго агента, і гэты кантакт бывае вызначальным. Акрамя турагентаў, у галіне працуюць сотні іншых спэцыялістаў. Маркетынг, бухгальтэрыя, лягістыка, страхаваньне — тут штучны інтэлект ужо шчыльна інтэграваны», — даводзіць суразмоўца.

Выкладчыца Вольга (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) мяркуе, што ШІ не заменіць людзей у яе прафэсіі. Пры гэтым ён можа быць карысным выкладчыкам у рыхтаваньні заданьняў.

«Штучнаму інтэлекту занадта доўга трэба тлумачыць нейкія нюансы, каб ён зрабіў тое, што табе хочацца. Для задач тыпу „ствары практыкаваньне на пэўную тэму“ — так, вельмі добра пасуе», — сьцьвярджае суразмоўца.

«Калісьці рынак працы зьмянілі кампутары, цяпер тое самае з ШІ»

На сёньня ШІ — павышае вытворчасьць людзей, мяркуе акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі. Штучны інтэлект мяняе рынак працы так, як некалі яго памяняла зьяўленьне кампутара, а потым інтэрнэту, зважае экспэрт.

«Нейкія базавыя прафэсіі могуць зьнікнуць, як калісьці са зьяўленьнем кампутара зьнікла прафэсія машыністак, бо тэкст цяпер можа набіраць кожны. Калі зьявіліся калькулятары, зьнікла значная доля спэцыялістаў, якія займаліся вылічэньнем. Гэта прафэсіі найбольш мэханістычныя. Магчыма, пасьля зьяўленьня ШІ зьнікнуць капірайтэры, якія пішуць простыя тэксты. Магчыма, могуць зьнікнуць нейкія падвіды самых базавых праграмістаў, якія займаюцца нечым вельмі простым», — кажа Леў Львоўскі.

Пры гэтым з павышэньнем прадукцыйнасьці дапамогі ШІ ўзьнікнуць дадатковыя працоўныя месцы, зьвяртае ўвагу экспэрт. Тэхналёгіі ствараюць новыя працоўныя месцы, проста трэба будзе займацца нечым іншым, даводзіць эканаміст.

«Будзе дзьве катэгорыі новых працоўных месцаў. Адна — гэта спэцыяльнасьці, непасрэдна зьвязаныя з ШІ. Напрыклад, промпт-інжынер, чалавек, які працуе с запытамі. Таксама гэта спэцыялісты, якія ствараюць ШІ, робяць яго больш даступным. У пэўных галінах спатрэбяцца спэцыялісты, якія будуць настаўнікамі для штучнага інтэлекту. Другая катэгорыя — у часткі людзей будзе больш часу, іх праца будзе лягчэйшая ці зьменіцца. Яны змогуць займацца нечым іншым, магчыма, не зьвязаным з ШІ, гэта могуць быць нейкія новыя дадатковыя паслугі», — мяркуе Леў Львоўскі.

Ілюстарцыйнае фота

У такім варыянце трэба будзе забясьпечыць людзям дапамогу пры пераходзе ў іншую прафэсію, а таксама падтрымліваць рынак працы ў гнуткім стане, каб людзі асвоіліся ў новай прафэсіі. Неўзабаве валоданьне ШІ пры гэтым стане абавязковым, як сёньня валоданьне кампутарам.

«Недзе ШІ будуць выкарыстоўваць крыху, недзе — шмат. Амаль кожны чалавек ведае, як зрабіць базавую табліцу ў Excel, гэтаксама кожны чалавек будзе ведаць, як нешта спытаць у штучнага інтэлекту», — мяркуе эканаміст.

А вось адолець кадравы дэфіцыт у Беларусі штучны інтэлект не дапаможа, бо гэта праблема іншага ўзроўню, перакананы эканаміст.

«У Беларусі кадравы голад пачаўся ня ўчора. Праз санкцыі і агульны стан эканомікі інвэстыцыі не ідуць у працазьберагальныя тэхналёгіі. Не хапае супрацоўнікаў не агулам усюды, а ў нейкіх сфэрах. Не хапае лекараў, настаўнікаў. ШІ можа тут дапамагчы — прыкладам, падказваць лекарам пра выхад новых лекаў. Аднак ня бачна, каб у Беларусі інвэставалі ў падобныя тэхналёгіі. Для настаўнікаў ШІ можа прыдумляць заданьні. Але для гэтага трэба больш забясьпечыць школы, гэта таксама патрабуе інвэстыцыяў», — тлумачыць Леў Львоўскі.

Экспэрт падкрэсьлівае, што штучны інтэлект сёньня выглядае як прарыўная тэхналёгія, але яна будзе не кіраваць плянэтай, а павышаць эфэктыўнасьць працы. Калі ж ён будзе разьвівацца далей, то «можа стаць яшчэ больш прарыўной тэхналёгіяй і ўплываць на сьвет больш глябальна».