Улады Беларусі вырашылі штрафаваць за «незаконнае прадстаўленьне» краіны на міжнародных мерапрыемствах

Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі паведамілі, што ўрад падрыхтаваў і ўнёс на разгляд праект закону аб зьмене кодэксаў у пытаньнях адміністрацыйнай адказнасьці.

«Законапраект падрыхтавалі ў мэтай удасканаленьня палажэньняў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчага кодэксу», — адзначылі ў Палаце прадстаўнікоў.

Але ў афіцыйным паведамленьні не ўдакладняюць, якія нормы прапануюць зьмяніць.

Як вынікае з тэксту праекту закону, апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, дакумэнт прадугледжвае ўвод некалькіх новых нормаў.

Яны датычаць, сярод іншага, незаконнага прадстаўленьня Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах, знаходжаньня на рэжымных аб’ектах і прапаганды гомасэксуалізму.

«Парушэньне патрабаваньняў заканадаўчых актаў да арганізацыі або правядзеньня культурных, спартовых, спартова-масавых, адукацыйных мерапрыемстваў, мэтай якіх зьяўляецца адбор асобаў для падрыхтоўкі да ўдзелу або для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах ад імя Рэспублікі Беларусь, або да парадку накіраваньня прадстаўніка Беларусі для ўдзелу ў міжнародным мерапрыемстве цягне накладаньне штрафу ў памеры ад дзесяці да двухсот базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу — ад дваццаці да тысячы базавых велічыняў», — адзначаецца ў падрыхтаваным законапраекце.

Апроч таго, прапануюць увесьці штрафы памерам да васьмі базавых велічыняў за незаконнае знаходжаньне на тэрыторыі зоны бясьпекі з асаблівым праўным рэжымам.

Урад прапанаваў увесьці штрафы за парушэньні патрабаваньняў кібэрбясьпекі крытычна важных аб’ектаў інфарматызацыі, а таксама за «прапаганду гомасэксуальных дачыненьняў, зьмены полу, бязьдзетнасьці і пэдафіліі».

У прыватнасьці, за распаўсюд у любой форме інфармацыі аб прывабнасьці гомасэксуальных дачыненьняў хочуць караць штрафам у памеры да 20 базавых велічыняў фізычную асобу, да 100 базавых велічыняў — індывідуальнага прадпрымальніка, і ад 100 да 150 базавых велічыняў — юрыдычную асобу.

У выпадку азнаямленьня непаўналетніх з такой інфармацыяй прадугледжаны штраф ад 20 да 30 базавых велічыняў, або грамадзкія работы, або адміністрацыйны арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўхвалілі законапраект, які ўводзіць штрафы за адсутнасьць бульбы ў крамах