Прэзыдэнт Украіны сустрэўся з спэцпрадстаўніком Трампа. Што абмяркоўвалі

Уладзімір Зяленскі і Кіт Келаг на сустрэчы ў Кіеве 20 лютага 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў аб «зьмястоўнай» размове з Кітам Келагам, спэцыяльным прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Кіт Кэлаг ачольвае амэрыканскую дэлегацыю на канфэрэнцыі ў пытаньнях аднаўленьня Ўкраіны, якая адбываецца ў Рыме (Італія).

«Абмеркавалі пастаўку зброі і ўзмацненьня СПА. На тлі павелічэньня расейскіх атак – гэта адзін з прыярытэтаў. Гаварылі і пра набыцьцё амэрыканскай зброі, супольную абаронную вытворчасьць і лякалізацыю ва Ўкраіне», – паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваімTelegram-канале.

Апроч таго, паводле яго, «дэтальна сфакусаваліся на санкцыйным ціску».

«Разумеем, што патрэбныя больш жорсткія абмежаваньні супраць расейскай энэргетыкі, і асабліва – другасныя санкцыі супраць пакупнікоў расейскай нафты», – дадаў Уладзімір Зяленскі.

Кіт Келаг пакуль не камэнтаваў сустрэчу зь Зяленскім у сацыяльных сетках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіт Келаг заявіў, што на сустрэчы з Лукашэнкам абмяркоўваў спыненьне вайны ва Ўкраіне

Пакуль невядома, ці згадвалі яны Беларусь у часе гэтай размовы. Кіт Келаг наведваў Менск 21 чэрвеня і правёў там сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, пасьля якой у Беларусі вызвалілі 14 палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, які правёў за кратамі больш за пяць гадоў.

Пасьля візыту ў Беларусь Кіт Келаг паведамляў, што на сустрэчы з Лукашэнкам абмяркоўваў ня толькі двухбаковыя дачыненьні паміж ЗША і Беларусьсю, але і вайну ва Ўкраіне.

У сваю чаргу Лукашэнка заяўляў, што абмеркаваў з Келагам магчымасьць перамір’я паміж Украінай і Расеяй. Паводле яго, ён агучыў пазыцыю Ўладзіміра Пуціна, згодна зь якой перамір'е магчымае пры ўмове спыненьня ўдараў Украіны па тэрыторыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка перакруціў словы адмысловага пасланца прэзыдэнта ЗША