Ужо сёньня: 125 гадоў таму нарадзіўся Пётра Сергіевіч

Пётра Сергіевіч

Падзеі 10 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 ліпеня 1900 году ў вёсцы Стаўрова на Браслаўшчыне нарадзіўся Пётра Сергіевіч, беларускі жывапісец і графік, мастак-манумэнталіст. Актыўны прыхільнік беларускага адраджэньня. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Аўтар шэрагу знакавых для беларускай нацыі карцінаў, у тым ліку партрэта мовазнаўцы Яна Станкевіча, карціны з выявамі Янкі Купалы, Кастуся Каліноўскага і іншых выбітных беларускіх дзеячаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра віленскага мастака Сергіевіча, які не прыняў запрашэньня жыць у БССР

У гэты дзень

1917 — Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі дало прэм’ерную пастаноўку п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо».

1919 — у Горадні польскія ўлады забаранілі газэту «Родны край», а рэдактара Тамаша Грыба арыштавалі.

1922 — абвешчана аўтаномія Беларускай праваслаўнай царквы на чале зь мітрапалітам Мэлхісэдэкам.

1941 — пачалася Смаленская абарончая апэрацыя. Упершыню ў Другой усясьветнай вайне нямецкія войскі перайшлі ад наступу да абароны.

1972 — у вёсцы Вязынка Маладэчанскага раёну адкрыўся Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік.

1991 — адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына.

1992 — Беларусь стала чальцом Міжнароднага валютнага фонду.

1994 — першым прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у другім туры абралі Аляксандра Лукашэнку.

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, 1994

Для абсалютнай большасьці палітызаванай публікі зыход прэзыдэнцкіх выбараў выявіўся нечаканым, бо на пачатку кампаніі ў Лукашэнкі не было падтрымкі ні дзяржапарату, ні партыйных структураў, ні буйнога бізнэсу.

У ходзе выбарчай кампаніі Лукашэнка некалькі разоў парушаў заканадаўства. Кожны з гэтых выпадкаў мог стаць падставай для расьсьледаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіяй паводзінаў кандыдата ў прэзыдэнты. Аднак ня стаў.

2000 — у Менску, на мэмарыяле «Яма», адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця помніка-мэмарыялу ахвярам Галакосту.

Мэмарыял ахвярам Галакосту ў «Яме» ў Менску, сакавік 2019

2023 — з горадзенскай турмы мастака Алеся Пушкіна пры сьмерці прывезьлі ў шпіталь БСМП у Горадні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі, выкладчыкі, пракуроры, судзьдзі. Партрэты афіцыйных асобаў, якія могуць мець дачыненьне да сьмерці Алеся Пушкіна

У гэты дзень нарадзіліся

1509 — Жан Кальвін, францускі рэлігійны рэфарматар.

1781 — Антон Марціноўскі, беларускі выдавец і публіцыст. Нарадзіўся ў Радашкавічах.

1857 — у Віцебску нарадзіўся Анатоль Бонч-Асмалоўскі, грамадзка-палітычны дзяяч, рэвалюцыянэр-народнік, мэмуарыст.

1871 — Марсэль Пруст, францускі пісьменьнік, аўтар вядомага цыклю раманаў «У пошуках страчанага часу».

1871 — Павал Дземідовіч, беларускі этнограф і фальклярыст.

1891 — Павал Валошын, палітык, беларускі пасол польскага сэйму, ахвяра сталінізму.

1895 — Павал Сухі, савецкі авіяканструктар, нарадзіўся ў Глыбокім. Сухі спраектаваў больш як 50 самалётаў, 30 зь якіх былі пабудаваныя і выпрабаваныя.

1913 — Нiна Вайтовiч, беларуская мовазнаўца.

1942 — Пятро Клімук, беларускі савецкі касманаўт.

1963 — Сяргей Булыгiн, біятланіст, алімпійскі чэмпіён (1984, Сараева).

У памяці

2018 — памёр Мікалай Дземянцей, старшыня Вярхоўнага Савету БССР у 1990-91 гг.