Як стала вядома праваабаронцам, супраць Алега Хаменкі завялі крымінальную справу за супрацу зь незалежным беларускім мэдыя, якое знаходзіцца ў сьпісе гэтак званых «экстрэмісцкіх фармаваньняў». Канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса, які яму інкрымінуюць, на сёньня невядомы.
Праваабаронцы лічаць, што затрыманьне і крымінальны перасьлед Алега Хаменкі зьяўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаваньні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова:
«Праваабарончая супольнасьць Беларусі неаднаразова адзначала, што антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі краіны для падаўленьня грамадзкай і палітычнай актыўнасьці і іншадумства. МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадзкімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеяньні ўладаў і патрабуюць зьменаў у дзяржаве і праводзімай імі палітыцы.
Экстрэмісцкімі фармаваньнямі прызнаныя і 38 СМІ і мэдыя-арганізацый. Гэта адкрывае шлях да адвольнага прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці і пазбаўленьня волі іх супрацоўнікаў, удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасьці непрапарцыйнай меры абмежаваньня права на свабоду асацыяцый і свабоду выказваньня меркаваньняў».
Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага перасьледу Алега Хаменкі зьяўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненьне ці зьмяненьне характару яго публічнай дзейнасьці.
Праваабаронцы прызналі Алега Хаменку палітычным зьняволеным і запатрабавалі неадкладна яго вызваліць і спыніць у дачыненьні да яго крымінальны перасьлед; а таксама адмовіцца ад выкарыстаньня мэтадаў крымінальнага перасьледу як інструмэнту ціску на свабоду выказваньня меркаваньня і іншыя правы і свабоды; неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зьняволеных.
Заяву падпісалі:
- Беларуская асацыяцыя журналістаў
- Беларускі ПЭН
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»
- Прававая ініцыятыва
- Lawtrend
- Respect-Protect-Fulfill
- Беларускі Хэльсінкскі камітэт
- Беларускі дом правоў чалавек імя Барыса Звоскава.
Хто такі Алег Хаменка
Алег Хаменка — адзін з самых вядомых беларускіх музыкаў. У 1992 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў гурту «Палац», які граў у наватарскім стылі фольк-мадэрн.
Першыя ж выступы засьведчылі цікавасьць як публікі, так і крытыкаў да новага праекту. Музыкаў запрашалі на ўсе значныя тагачасныя фэсты — «Басовішча», «Славянскі базар», «Маладэчна», «Магутны Божа».
Праз год гурт увайшоў у дзясятку найлепшых калектываў Усходняй Эўропы паводле вэрсіі Radio France International — трэцяя прэмія конкурсу «Discovery-93» за песьню «Русалкі».
«Палац» прадстаўляў Беларусь на шэрагу міжнародных фэстываляў: Tanz und Folkfest у Нямеччыне, «Країна Мрій» ва Ўкраіне, Suklegos у Літве, «Галасы Азіі» ў Казахстане і г.д.
На першых трох «Рок-каранацыях» гурт нязьменна станавіўся ляўрэатам у намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць». У творчым багажы «Палацу» восем музычных альбомаў, а таксама ўдзел у мностве тэматычных складанак у Беларусі і за мяжой.
Алег Хаменка таксама быў вядоўцам шматлікіх шоў і канцэртаў, аўтарскіх перадач на радыё і тэлевізіі, заснавальнікам фэсту «Bela Music».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Можна дараваць усё, акрамя перапісваньня Канстытуцыі дзеля пажыцьцёвага кіраваньня, — Алег ХаменкаЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».