Праваабаронцы параўналі статыстыку памілаваньняў палітвязьняў і прызнаньня новых: 105 супраць 167

Сьледчы ізалятар у Калядзічах пад Менскам. Ілюстрацыйнае фота

Памілаваньні, якія парйшлі ў 2025 годзе, не паляпшаюць сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі.

Сёлета новых палітвязьняў у Беларусі стала больш, чым было памілавана ўладамі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» падлічыў, ці зьменшылася колькасьць палітвязьняў у Беларусі за сем хваляў памілаваньня з пачатку году.

З 18 студзеня ў Беларусі адбыліся сем хваляў памілаваньня палітзьняволеных — агулам было вызвалена 105 чалавек. Апошняя частка памілаваных выйшла на волю 2 ліпеня.

За гэты час праваабарончая супольнасьць Беларусі прыняла 20 заяваў аб наданьні новым фігурантам крымінальных палітычных спраў статуса палітвязень — з 21 студзеня па 30 чэрвеня такі статус атрымалі 167 чалавек. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўросту і сацыяльнага статусу, якія абвінавачваюцца па шэрагу палітычных артыкулаў.

Такім чынам, са студзеня на волю па памілаваньні выйшлі 105 палітвязьняў, а 167 іншых людзей атрымалі статус палітычнага зьняволенага.

Па стане на 9 ліпеня 2025 году 1151 чалавек несправядліва знаходзяцца ў турме паводле палітычна матываваных спраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пытаньне палітвязьняў ператварылася ў галоўнае палітычнае пытаньне Беларусі — аналіз Валера Карбалевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН па Беларусі заклікаў да далейшага вызваленьня палітвязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя прозьвішчы вызваленых у траўні палітзьняволеных жанчын