Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на закрытай сустрэчы з спонсарамі падчас перадвыбарчай кампаніі 2024 году заявіў пра сваё папярэджаньне расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, што ён аддасьць загад «бамбіць Маскву» ў выпадку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Запіс ягоных словаў на сустрэчы апублікавала тэлекампанія CNN. Белы дом яго пакуль не камэнтаваў.
Пра гэтае выказваньне было вядома і раней з публікацыі ў The Washington Post у леташнім траўні, а таксама з кнігі пра выбары 2024 году, на якіх Трамп атрымаў перамогу.
Аднак аўдыёзапіс аповеду Трампа пра гэтую размову апублікавалі ўпершыню.
У запісе Трамп, згадваючы падзеі свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну (2017–2021 гады), апавядае:
«Я сказаў Пуціну: „Калі вы ўварвяцеся ва Ўкраіну, я разбамблю Маскву к чорту. У мяне ня будзе выбару“».
Паводле Трампа, Ўладзімір Пуцін сказаў, што ня верыць у рэальнасьць гэтай пагрозы. Аднак, як сьцьвярджае Трамп, Пуцін паверыў у яе «на 10%». А, на думку прэзыдэнта ЗША, каб утрымаць Расею ад уварваньня, хапіла б і 5%.
Гэткую ж пагрозу, кажа Трамп, ён перадаў і кітайскаму лідэру Сі Цзіньпіну, перасьцерагаючы яго ад уварваньня на Тайвань. Той таксама, на думку Трампа, паверыў на 10%.
Дональд Трамп ня раз заяўляў, што калі б у 2022 годзе ён быў прэзыдэнтам, расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ня здарылася б. Ён шматкроць абвінавачваў свайго папярэдніка Джо Байдэна ў тым, што той дапусьціў вайну.
У Крамлі заявілі, што пакуль няясна, фэйк гэта ці не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: «Пуцін нагаварыў шмат лухты», магчымыя санкцыіЗлучаныя Штаты пастаўляюць Украіне зброю і аказваюць іншую дапамогу, аднак падкрэсьліваюць, што ня маюць намеру адпраўляць ва Ўкраіну сваіх салдатаў ці іншым чынам наўпрост уступаць у канфлікт.
У адрозьненьне ад адміністрацыі Байдэна, адміністрацыя Трампа істотна зьмякчыла рыторыку стасоўна Расеі, спрабуючы схіліць бакі канфлікту да спыненьня агню.
Мінулымі днямі, аднак, Трамп некалькі разоў рэзка выказаўся пра расейскага прэзыдэнта і ягонае нежаданьне завяршаць вайну.
У аўторак пасьля тэлефоннай размовы з Пуціным прэзыдэнт ЗША сказаў, што той «кажа шмат усялякай лухты» і, хоць паводзіць сябе ветліва, ня робіць нічога, каб прыйсьці да міру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пэнтагоне заявілі, што на загад Трампа накіроўваюць дадатковыя ўзбраеньні Ўкраіне