У «Беларусбанку» адбыўся збой, у шэрагу кліентаў банку з картак зьніклі грошы. У кол-цэнтры пацьвердзілі праблему і паабяцалі выправіць сытуацыю цягам дня, паведаміў рэсурс newsby:
У «Беларусбанку» заявілі, што гэта зьвязана з «тэхнічнымі праблемамі пры фармаваньні разьліковай інфармацыі ў ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар»:
«Магчыма зьмяншэньне астачы па рахунках або ўтварэньне адмоўнай астачы. Цяпер вядуцца работы па ўстараненьні існуючай сытуацыі».
ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» тым часам інфармаваў, што ў сувязі з тэхнічным збоем, які адбыўся ў апаратна-праграмным комплексе 9 ліпеня зь 9 раніцы, могуць мець месца адмоўныя балянсы на картках ААТ «ААБ Беларусбанк», ААТ «Белаграпрамбанк» і ААТ «Белінвэстбанк».
Генэральны дырэктар ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» Аляксандр Сотнікаў пракамэнтаваў сытуацыю:
«У некаторых трымальнікаў картак гэтых банкаў могуць быць адмоўныя астачы на картках. Работнікі і спэцыялісты «Банкаўскага працэсінгавага цэнтру» працуюць над гэтай сытуацыяй. Мы ведаем, як яе выправіць. Нам патрэбна некаторая колькасьць часу. Мы спадзяемся, што да 14 гадзін усе праблемы будуць выпраўленыя, і людзі ўбачаць на сваіх картках рэальныя астачы».
Пазьней у кампаніі паведамілі, што поўнае аднаўленне апаратна-праграмнага комплексу будзе ажыцьцёўлена да 17.00 9 ліпеня, і што карэктныя астачы на рахунках будуць адноўленыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скасаваньне камісій, праца з рупіямі, крэдыты на аўтамабілі. Што беларускія банкі зьменяць ва ўмовах працы з кліентамі?