На інтэрвію зь Ціханоўскай прыйшлі ліпавыя расейскія журналісты. Падман выкрылі ў самы апошні момант

Ілюстрацыйнае фота

Сьвятлана Ціханоўская 8 ліпеня павінна была даць інтэрвію незалежнаму расейскаму СМІ «Новая газета Европа». Пра інтэрвію дамовіліся празь яе прэс-сакратарку Ганну Красуліну — ад імя сапраўднага журналіста «Новой газеты».

Але маладых людзей, якія прыйшлі на інтэрвію, насамрэч нанялі праз Тэлеграм. Адзін зь іх прызнаўся ў размове зь «Люстэркам», што знайшоў падзаработак у Тэлеграме і паверыў жанчыне, якая назвалася рэдактаркай «Новой газеты Европа». Яму пералічылі 100 эўра і выслалі для раздрукаваньня выявы журналісцкіх пасьведчаньняў.

Юнакі прыйшлі ў офіс Ціханоўскай, але іхныя пасьведчаньні і паводзіны выклікалі падазрэньні.

Пасьля званку ў выданьне высьветлілася, што «Новая газета Европа» сапраўды плянавала інтэрвію зь Ціханоўскай, але гэтых людзей не наймала.

У выніку замест інтэрвію юнакі давалі тлумачэньні паліцыянтам, якія забралі іх у пастарунак.

«Мы выклікалі паліцыю, бо гэта ўжо ня першы выпадак, калі людзей у Літве наймаюць невядомыя, каб зьняць мітынгі, зрабіць антылітоўскія графіці, а цяпер вось і запісаць фэйкавыя інтэрвію, — патлумачыў дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка. — Мы памятаем, што бясьпека — найперш. І заклікаем усіх ставіцца ўважліва і правяраць усіх, хто піша просьбы аб інтэрвію, дзіўнай падпрацоўцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У праекце «Краіна для жыцьця» папярэдзілі аб фальшывым сайце Сяргея Ціханоўскага

У канцы траўня «Новая газета Европа» паведаміла, што апошнімі тыднямі дзясяткі эўрапейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў атрымалі запыты на інтэрвію ад людзей, якія называліся супрацоўнікамі выданьня.

«Такія запыты паступілі палітыкам у Літве, дэпутатам ПАРЭ і прадстаўнікам беларускай апазыцыі. Гэтыя асобы выкарыстоўваюць падробленыя прэс-карткі і пакідаюць фальшывыя кантактныя зьвесткі рэдакцыі», — гаварылася ў папярэджаньні рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа Бялюціна» — правакацыя КДБ, а ён сам працаваў на рэжым, — былы супрацоўнік ГУБАЗіКа

Пра спробу самазванцаў узяць у яго інтэрвію паведаміў і намесьнік Ціханоўскай Павал Латушка. Ён адзначыў, што на сувязь зь ім выйшлі ад імя выданьня «Новая газета Европа», назваліся Ірынай Гарынай.

У запыце прапаноўваўся ўдзел у здымках паўнамэтражнага дакумэнтальнага фільму аб супраціве Эўропы агрэсіі з боку Расеі і Беларусі. Аднак пасьля прапановы прэс-службы Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня перайсьці ў мэсэнджар для пацьверджаньня асобы і працягу далейшай камунікацыі, чалавек, які пісаў з адрасу garinairinaeurope75@gmail.com, спыніў камунікацыю.

Таксама знайшлася несапраўдная старонка Гарынай у фэйсбуку, створаная яшчэ ў 2022 годзе. Ірына Гарына сапраўды існуе і насамрэч працуе ў названым выданьні, але ніякіх запытаў на здымкі з Латушкам яна не дасылала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таемны запіс. Пасьля беларускай канфэрэнцыі ў Варшаве ўзьнік скандал вакол парушэньня правілаў бясьпекі