Другі Заходні акруговы вайсковы суд Расеі завочна прызначыў пісьменьніку Барысу Акуніну (Грыгорыю Чхарцішвілі) 14 гадоў пазбаўленьня волі, штраф у 400 тысяч расейскіх рублёў (амаль 4400 эўра) і чатырохгадовую забарону на адміністраваньне інтэрнэт-рэсурсаў, паведамляе SOTA.
Дзяржаўнае абвінавачаньне прасіла для яго 18 гадоў пазбаўленьня волі.
Акуніна прызналі вінаватым у садзейнічаньні тэрарыстычнай дзейнасьці, «апраўданьні тэрарызму» і ўхіленьні ад выкананьня абавязкаў «замежнага агента».
«Апраўданьне тэрарызму» зьвязанае зь ягоным допісам, дзе ён напісаў: «цяпер я за рэвалюцыю, бо ніякім іншым спосабам ад дыктатуры пазбавіцца ня ўдасца».
«Садзеяньнем тэрарызму» расейскія ўлады палічылі выказваньні Акуніна ў размове з пранкерамі, падчас якой ён заклікаў да аб’яднаньня расейскіх і ўкраінскіх культурных дзеячоў і агітаваньня расейскіх вайскоўцаў здавацца ў палон.
Барыс Акунін (Грыгорый Чхартышвілі) — пісьменьнік і літаратуразнаўца, аўтар гістарычных дэтэктываў пра Эраста Фандорына і шматтомнай Гісторыі Расеі, якую ён называе «вольнай ад ідэалягічнай сыстэмы пры захаваньні дакладнасьці фактаў». З 2014 году ён жыве ў Эўропе.
Форум